Пошукавікі выявілі фрагменты самалёта часоў Вялікай Айчыннай вайны

16 июня 2015

Праз 70 гадоў пасля Перамогі рэха вайны ўсё яшчэ  даносіцца і да нашых дзён. Колькі ваенных артэфактаў захоўвае наша зямля - сапраўды невядома, але  кожная знаходка такога маштабу мае асаблівую гістарычную каштоўнасць. Як, напрыклад, гэтая - на тэрыторыі пагранічнай зоны, недалёка ад вёскі Неплі, пошукавікі выявілі фрагменты самалёта, які пацярпеў крушэнне ў канцы Вялікай Айчыннай вайны. Спецыялісты мяркуюць: гэта быў амерыканскі самалёт, які выконваў стратэгічную задачу па знішчэнні зенітных батарэй праціўніка. Аб чым маўчаць знаходкі ваенных дзён - даведалася  Вікторыя Патоня.

Старажылы прыгранічных вёсак Неплі і Казловічы дагэтуль памятаюць, як у вайну гарэла крэпасць, як раздаваліся выбухі і стрэлы, ляталі самалёты. Станіслава Сідарук была падлеткам, калі адзін з іх упаў менш чым за кіламетр ад яе дома.

Аб крушэнні савецкага самалёта Станіслава Сідарук распавяла пошукавікам. Перш чым распачаць працу, спецыялісты вывучылі архіўныя дакументы. У першы дзень пошуку выявілі нямала каштоўных артэфактаў.

На месцы падзення самалёта працаваць няпроста. Галоўная мэта пошукавікаў - выявіць хоць нейкія зачэпкі, каб аб загінуўшых лётчыках нават праз дзесяцігоддзі даведаліся сваякі.

Пошукавікам ужо ўдалося падняць нейкія фрагменты фюзеляжа, асабістыя рэчы лётчыкаў, кулямёт "Браўнінг"… Але, бадай, самай ключавой знаходкай можа стаць рухавік, па нумары якога вызначаць імёны загінуўшых членаў экіпажа.

Даследчыкі мяркуюць: гэта быў самалёт амерыканскай вытворчасці, перададзены СССР па ленд-лізе - А20БостанЖ.  Хутчэй за ўсё, ён  разбіўся ў ліпені 1944-га. На борце былі 3 чалавекі.  Кіраваць такой машынай маглі толькі дасведчаныя пілоты, іх звалі начныя паляўнічыя-блакавальшчыкі, якія заўсёды рызыкавалі жыццём.

Пошукавыя працы на месцы крушэння самалёта будуць працягвацца яшчэ як мінімум тыдзень. Магчыма, спецыялістам удасца знайсці адказ на галоўнае пытанне: хто быў у складзе загінуўшага экіпажа.