Пошук пенсіянера ў Мінскім раёне працягваецца

19 июля 2017

83-гадовы дзядуля знік учора: адправіўся ён у лес ці ў іншае месца - невядома. Да пошукаў прыцягнута не толькі міліцыя і ратавальнікі, але і пошукавы атрад, і мясцовыя жыхары. Дарэчы, лета – як раз тая пара, калі многія наведваюць лясы і могуць заблудзіць. Асабліва людзі сталага ўзросту і дзеці.

Антаніна Станкевіч – пра элементарныя правілы бяспекі. Пра тое, што ў вёсцы Маляўкі надзвычайнае здарэнне, нагадвае і пажарная машына, і вялікая колькасць людзей, якія з занепакоенымі тварамі ходзяць вакол вялізнага кукурузнага поля. Учора тут знік мясцовы жыхар. Пайшоў ён у лес ці ў найбліжэйшую вёску – пакуль што невядома.

З учарашняга дня тут пастаянна дзяжураць супрацоўнікі міліцыі і ратавальнікі, а сёння да пошукаў далучыліся і валанцёры. Узброеныя рацыямі, JPS-навігатарамі і аптэчкамі – яны складаюць план папярэдніх дзеянняў.

Спачатку спецыялісты збіраюць усемагчымую інфармацыю: хто бачыў апошнім, дзе, у якім кірунку пайшоў чалавек. Паралельна вывучаюцца карты мясцовасці. Складаецца план, бо пошукі могуць расцягнуцца на дзясяткі гадзін – і важна, каб кожны адпрацаваў свой участак работ.

Карціна для ліпеня – на жаль, тыповая. Як толькі людзі пачынаюць сезон пошуку ягад ды грыбоў, у спецыялістаў таксама аўтаматычна адкрываецца сезон пошуку… людзей. Заблудзіць можа любы чалавек, нават малады і здаровы. Аднак у групе рызыкі – людзі сталага ўзросту і дзеці.

Спецыялісты раяць ніколі не забываць мабільны тэлефон і папярэджваць сваякоў. Таксама ў лес трэба браць запас вады і ежы, а пры неабходнасці і спецыфічныя лекі.

Як адзначаюць спецыялісты-пошукавікі, звычайна знаходзяць да 80% прапаўшых людзей. Крытычнымі лічыцца першыя трое сутак. Ускладняюць работу ратавальнікаў цёмны час сутак, а таксама асаблівасці рэльефу, наяўнасць яроў, зараснікі кустоў і вялізныя палі.