Падрабязнасці затрымання беларуса - удзельніка баявых дзеянняў ва Украіне

27 ноября 2015

Падрабязнасці затрымання беларуса - удзельніка баявых дзеянняў ва Украіне апублікавалі сёння прадстаўнікі Следчага камітэта і міліцыі. Баевіка затрымалі напярэдадні ў будынку чыгуначнага вакзала ў Мінску ў пяць раніцы. Мужчына выклікаў падазрэнне. Пад курткай на целе ў прыезджага віднелася армейская бронекамізэлька. Пры дэталёвым надглядзе ў 28-гадовага ўраджэнца Наваполацка былі знойдзеныя два пашпарты грамадзяніна Беларусі на адно і тое ж імя з розніцай толькі ў адну літару ў прозвішчы. Зараз, дарэчы, дакументы знаходзяцца на экспертызе. Сярод асабістых рэчаў - зброя, выбуховыя рэчывы, іншыя баявыя прылады, а таксама дакумент - ад камандзіра аднаго з батальёнаў Правага сектара.

Сяргей Кабаковіч, начальнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Следчага камітэта Беларусі: "Папярэдне атрыманая інфармацыя сведчыць аб тым, што ён, магчыма, мае дачыненне да ўзброеных фарміраванняў, якія дзейнічалі ў Данецкай вобласці ў кастрычніку 2015 года. У мэтах больш дэталёвага вывучэння і праверкі інфармацыі прызначаны шэраг экспертных даследаванняў, якія будуць праводзіць спецыялісты Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз".

У дачыненні затрыманага зараз узбуджана крымінальная справа па артыкуле "Незаконныя дзеянні ў дачыненні зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў". У ведамстве падкрэслілі, што пакуль гаварыць аб наёмніцтве рана. У Беларусі за ўдзел у ваенных канфліктах іншых краін прадугледжана крымінальнае праследаванне. Раней МУС і КДБ Беларусі неаднаразова заяўлялі, што тыя грамадзяне краіны, якія прымаюць удзел у баявых дзеяннях, будуць прыцягвацца да крымінальнай адказнасці. Адкажуць і тыя, хто паспрабуе вербаваць нашых грамадзян.