Падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года неабходна завяршыць да 29 жніўня

14 августа 2013
Адна з самых актуальных тэм апошняга летняга месяца. Школьныя клопаты: у кожнай сям'і, дзе ёсць вучні, зараз вялікія зборы. На дзяржаўным узроўні адно з галоўных пытанняў - наколькі гатовыя ўстановы адукацыі прыняць дзяцей. Зрэшты, не толькі гатоўнасць будынкаў зараз на асаблівым кантролі. Пра тое, што дзяржава павінна аказаць неабходную фінансавую падтрымку сем'ям школьнікаў, на пачатку тыдня гаварыў Кіраўнік дзяржавы. Падкрэсліў, што дапамога павінна быць адрасная - без увагі не застанецца ніводны чалавек з катэгорыі тых, хто мае патрэбу ў дапамозе. І сёння школьную эстафету падхапілі беларускія міністры. Тэме прысвяцілі пасяджэнне Савета міністраў. За два тыдні да першага званка справаздачу аб гатоўнасці сферы прапанавалі не толькі профільныя ведамствы, але і ўсе рэгіёны краіны. Сёння ж назвалі і галоўную лічбу: падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года неабходна завяршыць да 29 жніўня. Комплексная праца ў гэтым кірунку атрымала станоўчую ацэнку прэм'ера, зрэшты, без мінусаў не абышлося.

Пра новаўвядзенні навучальнага года і недапрацоўкі, якія яшчэ ёсць час выправіць, - Сяргей Гусачэнка.

Вучняў 108-й сярэдняй школы ў Мінску ўжо чакаюць касметычна і тэхнічна абноўленыя кабінеты: у многіх замянілі мэблю і вокны, амаль у кожным паставілі тэлевізары і камп'ютары. Настаўнікі абнавілі навучальна-метадычную літаратуру, да канца жніўня тут плануюць набыць новы спартыўны інвентар, а пасля - дадатковае абсталяванне для харчаблока. Не толькі 108-я СШ, але і ўсе аб'екты ў Партызанскім раёне да першага званка гатовыя на 100%.

У чым і з чым давядзецца сесці за парты школьнікам, сёння асабіста знаёміўся беларускі прэм'ер. Мініяцюрную выставу вядучыя прадпрыемствы падрыхтавалі прама ў Савеце міністраў. Ад дзелавога адзення да навучальна-метадычнай літаратуры - выбраць ёсць з чаго. Міхаіл Мясніковіч цікавіцца і мадэлямі, і якасцю, і коштам.

Да новага навучальнага года па ўсёй краіне плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 10 аб'ектаў адукацыі, яшчэ 3 500 будуць адрамантаваныя - на гэтыя мэты накіравана больш за 1 трлн рублёў. 1 верасня заняткі пачнуцца больш як для 2 млн навучэнцаў і студэнтаў. Першы раз за школьныя парты сядуць амаль 100 000 першакласнікаў. Паказчык вышэйшы за леташні амаль на 10%.

Каб павысіць якасць і эканамічную эфектыўнасць сістэмы адукацыі, у новым навучальным годзе ўкараняюцца навінкі. Так, у старэйшых класах за кошт факультатываў павялічаць колькасць навучальных гадзін для вывучэння асобных прадметаў. Павысяць і патрабаванні да педагогаў: апроч павелічэння тыднёвай нагрузкі, з'явіцца новая катэгорыя настаўнік-метадыст, а ўладальнікам вышэйшай кваліфікацыі прыйдзецца пацвярджаць яе кожныя пяць гадоў.

Комплексную працу па падрыхтоўцы ВНУ і школ прэм'ер ацаніў станоўча, зрэшты, ёсць і нюансы. Так, не выконваюцца графікі ўводу інтэрнатаў, няўчасна друкуюцца і некаторыя віды падручнікаў. Не дапрацоўвае гандаль і ў сельскай мясцовасці. Зрэшты, усе недахопы абяцаюць аператыўна выправіць.

Асаблівую ўвагу надалі таксама пытанням падрыхтоўкі да новага навучальнага года ў аграгарадках і сельскіх населеных пунктах. Задача аблвыканкамаў - дайсці да кожнай сям'і, стварыць неабходныя ўмовы, у тым ліку дзецям з сем'яў шматдзетных і неўладкаваных.

Аказаць неабходную падтрымку школьнікам Кіраўнік дзяржавы даручыў учора, калі абмяркоўваў гатоўнасць сістэмы адукацыі з першым намеснікам Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандрам Радзьковым і міністрам адукацыі Сяргеем Маскевічам. На думку Аляксандра Лукашэнкі, дапамогу ад дзяржавы павінен атрымаць кожны, хто ў ёй мае патрэбу.

Зрэшты, дапамагчы школьнікам можа і кожны ахвотнік. Больш за 150 кілаграмаў канцылярскіх тавараў ужо атрымалася сабраць падчас дабрачыннай акцыі Збяры партфель першакласніку. Запаветныя ранцы з усімі неабходнымі для вучобы прыладамі атрымаюць 350 маленькіх школьнікаў. Гэта дзеці са шматдзетных, малазабяспечаных і няпоўных сем'яў.
Уручэнне падарункаў да першага навучальнага года пройдзе ўжо 22 жніўня ў кінатэатры Піянер. Узяць удзел у акцыі можа любы ахвотнік. Пункты збору арганізаваныя ў шасці буйных сталічных універмагах.

Вера Лабковіч, начальнік аддзела народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі: Па ўсёй краіне праходзяць акцыі Збяром партфелі разам, Збяром партфель першакласніку. Вельмі шмат дапамагаюць прадпрыемствы, і гэта вельмі правільна, таму што вектар дапамогі павінен быць не толькі вертыкальны, але і гарызантальны. Усе павінны быць задзейнічаныя.

Пашпарты гатоўнасці аб'ектаў адукацыі павінны быць прынятыя да 25 жніўня. Пакуль падпісаная толькі пятая частка актаў, гатоўнасць у цэлым складае 60%. Многія аб'екты ў стадыі завяршэння, і важна скончыць усе работы да пачатку навучальнага працэсу. Лепш за ўсё гэты працэс арганізаваны ў Брэсцкай вобласці, ад астатніх пакуль адстае сталічны рэгіён.

У цэлым жа падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года неабходна завяршыць да 29 жніўня, каб арганізацыйныя пытанні не перашкаджалі школьнікам атрымліваць веды.