Падрыхтоўка сталіцы да зімы

31 октября 2014

Добраўпарадкаванне, беражлівасць і падрыхтоўка сталіцы да зімы. Усе гэтыя пытанні разгледзелі сёння падчас традыцыйнага восеньскага аб'езду горада. Мэр Мінска Мікалай Ладуцька падкрэсліў, што ўсе работы па навядзенні парадку павінны весціся з прыцягненнем сродкаў саміх жыхароў.

Антаніна Станкевіч з падрабязнасцямі.

Серабранка. Стандартны сталічны спальны раён са стандартнай праблемай недахопу парковачных месцаў. А гэта новы крыты гаражны комплекс амаль на 500 машынамесцаў. Праўда, свабодных не засталося - жыхары найбліжэйшых дамоў ужо раскупілі іх. Тым больш што і цана - 62 мільёны рублёў - даволі прымальная.

Такія комплексы могуць часткова вырашыць праблему з паркоўкамі, падкрэсліў мэр горада. Што тычыцца двароў, то новыя парковачныя месцы ў іх могуць з'явіцца толькі тады, калі людзі самі аплацяць усе работы. А вось капітальныя рамонты двароў - па плане - па-ранейшаму праводзяць за бюджэтныя сродкі. Напрыклад, у Ленінскім раёне за вясну-лета адрамантавалі 78 двароў.

Такая работа вядзецца па ўсім горадзе. Некаторыя віды работ, напрыклад, устаноўку дзіцячага абсталявання і малых архітэктурных форм аплачваюць самі жыхары. Вынік такога супрацоўніцтва відавочны - двары становяцца куды больш прывабнымі.

Зараз па ўсім горадзе камунальнікі складаюць планы на наступны год. У кожным раёне капітальна адрамантуюць па некалькі двароў. Але калі хтосьці хоча навесці прыгажосць па-за чаргой, можа зрабіць гэта за свой кошт.