Пад'езды ў сталічных дамах будуць прыбіраць па-новаму

18 ноября 2019
З наступнага года падмятаць першыя паверхі работнікі будуць кожны дзень. Менавіта тут праходзіць максімальная колькасць чалавек, размешчаны паштовыя скрыні. У якасці эксперыменту штодзённае навядзенне парадку  раней увялі ў  Заводскім і Фрунзенскім раёнах сталіцы. Як вынік -  у пад'ездах стала чысцей, а колькасць скаргаў ад мінчан зменшылася ў  некалькі разоў.  Таксама падчас  прыбірання   пад'ездаў пачалі выкарыстоўваць сучасныя машыны  - магутныя пыласосы, пара-  і шклоачышчальнікі.  

Расказвае  Наталля Кезік. За апошнія паўгода жыхары 61-га дома па вуліцы Галадзеда не пакінулі ніводнай скаргі. У пад’ездзе цяпер парадак. Таму і на сходзе жыллёвага кааператыва, калі вырашалі пытанне з прыбіраннем, перавагу аддалі мясцоваму ЖЭСу, а не клінінгавай кампаніі. Эксперыментаваць з чысцінёй у гэтым доме пачалі паўгода таму - закупілі магутныя пыласосы. Імі планавалі прыбіраць  раз  за  квартал. Але сучасная тэхніка прыжылася, у мясцовых ЖКГ цяпер брыгады работнікаў раз на месяц робяць генеральнае прыбіранне. 

Паступова ў Заводскім раёне плануюць набыць пыласосы і ў астатнія ЖЭУ. Адзінае, што стрымлівае, - менш зручна выкарыстоўваць тэхніку ў малапавярхоўках. Машына даволі габарытная, ды і падключыць да разеткі пыласос часам немагчыма. А вось гэта машына месца шмат не займае, а чысты след за сабой пакідае. Аднаго шклоачышчальніка хопіць, каб вымыць вокны ва ўсіх пад’ездах раёна. Каб навесці парадак  на адным паверху,  неабходна максімум сем хвілін. 

Сёлета ў сталіцы паступова мяняюцца правілы  прыбірання пад’ездаў. Цяпер рабочыя першыя паверхі будуць падмятаць кожны дзень. Яны як правіла найбольш патрабуюць чысціні. Вільготнае прыбіранне захоўваецца адзін-два разы на месяц, падмятанне ўсяго пад’езда ад двух да чатырох - у залежнасці ад дома. Эксперыментальна такі рэжым дзейнічае ў некаторых ЖЭСах Фрунзенскага і Заводскага раёнаў сталіцы з мінулага года.  Навядзенне парадку ў пад’ездзе на працягу месяца для кожнага мінчаніна зараз каштуе 65 капеек, незалежна ад таго, прыбіраюць лесвіцу пыласосам альбо больш звыклым спосабам. А вось перыядычнасць сухога і вільготнага прыбірання  могуць карэкціраваць самі жыхары за дадатковую плату.