Падтрымку насельніцтва ва ўмовах барацьбы з вірусам і сітуацыю ў ахове здароўя ў цэлым абмеркавалі на нарадзе ў Прэзідэнта

12 мая 2020
Пра сістэму барацьбы з вірусам і сітуацыю ў цэлым у ахове здароўя гаварылі сёння на нарадзе ў Палацы Незалежнасці. 


Праект указа аб сацыяльнай падтрымцы асобных катэгорый грамадзян


Яно датычылася пытанняў сацыяльнай падтрымкі асобных катэгорый грамадзян. Але Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на працу айчыннай медыцыны ва ўмовах пандэміі. Беларускі метад рэагавання на COVID-19 выкарысталі іншыя дзяржавы. Ён дае вынік: усё больш спецыялісты гавораць пра выхад на плато - аднолькавы прырост хворых без рэзкіх скокаў. Ідзем не фронтам - выкарыстоўваем асяродкавы метад барацьбы з вірусам. Сёння ў нас дзейнічае трохузроўневая сістэма, якая дазваляе эфектыўна спраўляцца з распаўсюджваннем захворвання і не перагружае бальніцы. Апроч эфектыўнага лячэння ў медустановах, падлучаюць санаторыі, дзе можна канчаткова прыйсці ў норму. Не меней дбайна сочаць за тымі, хто назіраецца дома. Гэта людзі, якія пераносяць хваробу бессімптомна. Але найстражэйшы кантроль - на ўсіх этапах папраўкі, тым больш у стацыянары. 


Дапамога людзям і бізнесу


І нават ва ўмовах барацьбы з вірусам не пакінуць тых, хто ў бядзе і мае патрэбу ў дапамозе, - важная задача для дзяржавы. Гэта ў першую чаргу шматдзетныя сем'і і людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Пра гэта ішла размова ў прадстаўленым праекце ўказа. Акрамя таго, Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў сваё цвёрдае патрабаванне - захаваць працоўныя калектывы. Вірус сыдзе, і эканоміку трэба трымаць у вытворчым тонусе. Пры гэтым і самі людзі павінны выказваць ініцыятыву: вакансіі ў краіне ёсць, толькі ў Мінску 72 000, як гаворыцца, было б жаданне. Умовы пандэміі, а дакладней, яе наступствы для эканомікі - тое, аб чым неабходна думаць і бізнесу, і прадпрыемствам. Добры прыклад - рэстаранная сфера: многія камерсанты своечасова пераарыентаваліся, сталі дастаўляць ежу на дом або офіс. Годны кантракт з'явіўся і ў калійнай галіне - з Кітаем, які актыўна выходзіць з каранавіруснай стагнацыі. Вядома, ёсць і сферы, напрыклад, авіяперавозкі, дзе далёка не ўсё залежыць ад прадпрымальнасці, той жа Белавія дзяржава акажа падтрымку. Тым не менш многія краіны з гэтага тыдня выходзяць з карантыну з эканамічных меркаванняў. Мы ж вытворчасць не спынялі.

Таксама Прэзідэнт асаблівую ўвагу даручыў удзяліць самотным пажылым людзям. Гаворка ідзе пра перыяд іх рэабілітацыі пасля хваробы. Гэтае пытанне на асабістым кантролі міністра працы і сацыяльнай абароны Ірыны Касцевіч. Неўзабаве сумесна з Міністэрствам аховы здароўя ведамства вызначыць пэўныя санаторыі, дзе саслабелыя пасля захворвання пажылыя людзі змогуць аднавіцца пад наглядам спецыялістаў.