Падтрымаць і ўтрымаць таленты на радзіме

26 ноября 2016

Адкрыты шэсць гадоў таму факультэт экранных мастацтваў славіцца не толькі ў Беларусі, на постсавецкай прасторы, але і за мяжой. Яго выпускнікі - маладыя рэжысёры - паспяхова дэбютуюць і робяць кар'еру на міжнародных "фабрыках зорак". Падтрымаць і ўтрымаць таленты на радзіме - з такой ініцыятывай сёлета выступіла галоўная кінафабрыка краіны. Уступіўшы ў тандэм з Беларускай акадэміяй мастацтваў, кінастудыя "Беларусьфільм" дала магчымасць выпускнікам-рэжысёрам увасобіць свае праекты на сапраўднай, абсталяванай самай сучаснай тэхнікай і дасведчанымі кадрамі, кінапляцоўцы. Наталля Бардзілоўская аб тым, калі чакаць беларускія карціны на вялікіх экранах.

Пяцікурснікі-рэжысёры: Нэлі Васілеўская з меладрамай пра сяброўства ў Інтэрнэце, Арсеній Ільіных з фільмам пра вялікую сям'ю і Ігар Васільеў з драмай пра загартоўванне спартыўнага характару. Яны - пераможцы ўнутрыакадэмічнага конкурсу. Разам са сваімі дыпломнымі работамі яны былі прадстаўлены на тэндар, пераможцам якога і стаў "Беларусьфільм". Ад нацыянальнай кінастудыі, у прыватнасці студыі "Летапіс", студэнцкі крэатыў атрымаў тэхнічнае забеспячэнне і куратарства прафесіяналаў.

Здымаецца кароткі метр, усе тры праекты – за горадам. Найноўшыя кінакамеры і прафесійнае святло. Потым іх чакае адноўлены комплекс "Кінапост", у якім на самым топавым абсталяванні будзе ісці мантаж, графіка, колеракарэкцыя.

Першай здымачныя работы завяршыла і ў мантажкі свае кадры накіравала група рэжысёра-пачаткоўца Ігара Васільева. Стужка – дэбют для ўсіх удзельнікаў. Аператары, гукарэжысёры, дырэктары, акцёры – амаль ўсе яшчэ навучэнцы Беларускай акадэміі мастацтваў. Упершыню ў кіно і самы каларытны персанаж – сямігадовы галштынец Дыярал. Добры, цікаўны конь падышоў для кіно, але ўсе ж такі паказаў свой характар!

Здымачнай групе коннаспартыўны комплекс "Ратамка" даў коней і манежы. Галоўная жаночая роля – дэбют чэмпіёнкі, пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных трохбор'еў.

Першае прафесійнае кіно – пры поўным забеспячэнні, але ў жорсткіх умовах. У рэжысёраў маленькая група – з два дзясяткі чалавек. Чатыры здымачныя дні і чатыры змены мантажу. Стужка павінна ўбачыць свет да канца года. На закрытым праглядзе "Беларусьфільм" будзе ацэньваць свае будучыя кадры.

Кароткаметражныя работы маладых рэжысёраў увойдуць у альманах, які "Беларусьфільм" прэзентуе ў кінатэатрах краіны.