Падарункі на 8 Сакавіка, якія спадабаюцца дзяўчатам

7 марта 2019

У кветкавых і ювелірных магазінах, кандытарскіх, буціках сёння  небывалы ажыятаж. І ў чэргах стаяць мужчыны. На дапамогу абаронцам у выбары прыходзяць кансультанты ў магазінах  і прапануюць самыя розныя варыянты прэзентаў. Тэму кветак нараўне з фларыстамі абыгрываюць і кандытары, пакуючы дэсерты ў flowerbox. Керамісты  таксама падрыхтаваліся да свят, распрацаваўшы калекцыі з кветкавымі экапрынтамі. Надзея Сербіненка склала свой набор падарункаў, якія спадабаюцца дзяўчатам.

Жаночае свята - 8 Сакавіка - пачынаецца з цюльпана або  ружы, мімозы, півоні. А яшчэ ранункулюса, фрытылярыі або аксіпеталуму. Гэта таксама кветкі, праўда, экзатычныя. Напрамую з галандскіх кветкавых бірж, але купіць можна і ў Мінску. 

Сталічныя фларысты напярэдадні 8 Сакавіка прапануюць самыя розныя кветкавыя кампазіцыі. А вось форму і напаўненне пакупнік можа выбраць сам. Напрыклад, вось такую аксамітавую скрыначку з духмяным гарохам альбо класічны букет, але з бэзам,  або  зусім незвычайны фармат -  кветкі ў чайным кубку.

Ірына Кузьмук вопытны фларыст, ужо шмат гадоў займаецца кветкамі. Майстар заўважае - кветкавыя тэндэнцыі хуткабежныя і змяняюцца ад сезона да сезона. Але цюльпаны - класіка непарушная. 

Тэму кветак абыгрываюць і кандытары. Дэсерты - з фруктовымі, сметанковымі, карамельными начынкамі - вянчаюць ружы з крэму. Апошні трэнд - flowerbox.

Працягваюцца кветкавыя матывы і ў мастацкай творчасці. Посуд дызайнер Вольга Угрыновіч стварае ў тэхніцы экапрынта. Жывыя расліны адціскае  на фарфоравай гліне, а потым размалёўвае шклопадобным палівам. Васількі, папараць, лаванда, дзьмухаўцы  на фарфоры  дакладна не звянуць.

Падарыць можна  і новыя веды, а яшчэ эмоцыі. Вясновы настрой забяспечаны на занятках па акваскетчынгу. Набірае папулярнасць хуткасны малюнак. Лёгкія лініі, пырскі, незвычайныя спалучэнні колераў. Такая арт-тэрапія дазваляе перазагрузіцца, а для кагосьці можа стаць першай прыступкай да новай прафесіі. 

Падарункі могуць быць  рознымі. Не важны іх кошт. Галоўнае  - увага.