Падарункі дзецям ад ФК "Віцебск"

4 декабря 2020

Падарункі самым гарачым балельшчыкам ад футбольнага клуба "Віцебск". Спартсмены пабывалі ў гасцях у выхаванцаў Віцебскага дзіцячага дома. Гэтаму сяброўству ўжо шмат гадоў. Хлопцы сочаць за гульнёй любімай каманды на стадыёне, наведваюць трэніроўкі, а часам і трэніруюцца разам з прафесіяналамі. У дзіцячым доме ёсць свая футбольная каманда "Энергія" і створаныя ўсе ўмовы для заняткаў спортам. Адзін з выхаванцаў - Захар Чарвякоў - зараз уваходзіць у склад дубля ФК "Віцебск" і ў гэтым сезоне ў гульнях чэмпіянату Беларусі адзначыўся двума галамі. Спартсмены прынеслі дзецям падарункі - канцылярскія тавары, ласункі, а таксама сувеніры з атрыбутыкай клуба.

Адзначым, у выніковым пратаколе 30-га чэмпіянату Беларусі па футболе віцебская каманда заняла 12 месца.