Пад знакам двухбаковага супрацоўніцтва

18 октября 2014
Сталічны парк Уга Чавеса у рамках агульнагарадскога суботніка сёння папоўніўся не толькі дрэвамі, але і новай беларуска-венесуэльскай славутасцю. На галоўнай плошчы парка ўрачыста прэзентавалі знак увекавечання памяці былога прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавеса. Падзея прымеркаваная да 60-годдзя з дня нараджэння венесуэльскага лідара. Пасля цырымоніі прадстаўнікі дзвюх краін прынялі ўдзел у пасадцы новых дрэў.
Ігар Карпенка, намеснік старшыні Мінгарвыканкама: У хуткім часе сюды будзе дастаўленая капсула з зямлёй з Венесуэлы, тут адбудзецца закладка. Тут з'явяцца гульнявыя пляцоўкі, сцежка здароўя. Некалькі пляцовак будзе адведзена для дзяцей-інвалідаў, з'явяцца розныя дрэвы. Мы запрасілі пасольства Венесуэлы прыняць удзел у распрацоўцы гэтага парка і яго далейшым добраўпарадкаванні.
Амерыка Дыяс Нуньес, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Венесуэлы ў Беларусі: У першую чаргу для нас гэта вялікі гонар, што парк названы імем Уга Чавеса. Памяць далёка не кожнага лідара, палітычнага дзеяча ўвекавечваюць такім чынам у розных краінах. Я думаю, што гэта выдатная навіна, якая здзівіць многіх.

А як працяг сімвалічнага замацавання дружбы паміж Беларуссю і Венесуэлай ў мінскай школе нумар 49 адкрыўся клуб інтэрнацыянальнай дружбы Мерыдыян.