Пад заканчэнне ўрачыстасці - гала-канцэрт і традыцыйная акцыя "Праспяваем гімн разам"

3 июля 2017

Традыцыйна наша краіна з размахам адзначае Дзень Незалежнасці. Па ўсёй рэспубліцы праходзяць святочныя мерапрыемствы. Самая насычаная праграма - для мінчан і гасцей сталіцы. У самым сэрцы рэспублікі на працягу дня - выставы, кірмашы, конкурсы, розыгрышы. Пад канец урачыстасці - гала-канцэрт і ўжо добрая традыцыя - акцыя "Праспяваем гімн разам" ля стэлы "Мінск - горад-герой". Там зараз знаходзіцца здымачная група Агенцтва тэленавін. На сувязі - карэспандэнт Іна Пілевіч.

Тысячы мінчан і гасцей сталіцы сабраліся ля стэлы "Мінск - горад-герой". І гэта - нягледзячы на папярэджанні сіноптыкаў аб магчымым дажджы. Зараз публіка знаходзіцца ў чаканні грандыёзнага гала-канцэрта пад адкрытым небам, які зараз пачнецца.

Паводле традыцыі, праспект Пераможцаў - гэта эпіцэнтр урачыстасцяў з нагоды Дня Незалежнасці. Ля музея Вялікай Айчыннай вайны ўжо ўсталяваная сцэна, светлавое і гукавое абсталяванне. Праграма канцэрта складзеная так, каб зацікавіць пакаленне Next. Гэтым вечарам юныя артысты станцуюць брэйк-данс, выканаюць біт-бокс, праедуць на гіраскутарах і роліках і, вядома ж, праспяваюць. Выканаўцы-пачаткоўцы падзеляць сцэну з зоркамі беларускай эстрады. Гледачоў з Днём Незалежнасці павіншуюць Ядзвіга Паплаўская, Анатоль Ярмоленка, Алеся, Вікторыя Алешка, Алёна Ланская, Юзары, "Лепрыконсы".

А вось кульмінацыяй вячэрняй праграмы стане акцыя "Праспяваем гімн разам". Гэты праект стаў добрай традыцыяй сучаснай Беларусі, ён сапраўды аб'ядноўвае. Бо выкананне гімна - прызнанне ў любові і адданасці сваёй Радзіме, пажаданне ёй міру і працвітання.

Сёлета залпы прагрымяць з 6 месцаў сталіцы: Парку 50-годдзя Перамогі, мікрараёнаў Уручча і Чыжоўка, пасёлка Навінкі, а таксама каля Нацыянальнага аэрапорта Мінск 1 і вадасховішча Дразды. Усяго 30 залпаў. Але салют - зусім не фінал маштабнай урачыстасці. Пасля маляўнічага дзейства - дыскатэка.