Пад Пінскам актыўна нарыхтоўваюць журавіны

26 октября 2019
Сезон збору журавін у самым разгары. Пад Пінскам актыўна нарыхтоўваюць карысную ягаду. Там самыя вялікія журавінавыя плантацыі Еўропы. На іх пабывала наш карэспандэнт  Марыя Тройніч і даведалася, чаму журавіны не збіраюць, а вылоўліваюць,  і як ягады з балота дапамагаюць навукоўцам распрацоўваць лекі.

Барвовыя рэкі і блакітны гарызонт - від, які ўражвае. І гэта не карцінка з інтэрнэту, а прамысловы працэс - збор журавін. У гэтага прадпрыемства 84 гектары ягады. Гэта самыя вялікія плантацыі журавін у Еўропе. Прыродныя багацці вылоўліваюць, знаходзячыся па пояс у вадзе.

І гэта не асаблівы сорт, а тэхналогія збору. Журавінавае поле называецца чэкам. Восенню яго заліваюць вадой, каб ягаду было лягчэй збіраць. Спачатку туды апускаецца камбайн, які абмалочвае кусты і абтрасае з іх плады. Лёгкія журавіны адразу ўсплываюць на паверхню. А пасля іх збіраюць пры дапамозе спецыяльных паясоў з пенапласту.

Сезон збору ўраджаю - з кастрычніка па лістапад. У гэты час у палескую глыбінку пачынае цягнуцца чарада фур, каб паспець купіць самы свежы тавар. Толькі за адзін дзень з прадпрыемства адпраўляюцца па пяць грузавікоў. За год тут паспяваюць сабраць да 650 тон карыснага прадукту. 80 працэнтаў тавару ідзе на экспарт.

Пра карысць журавін ведалі яшчэ старажытныя беларусы. Балотны доктар лячыў многія інфекцыйныя захворванні і запаленні. Плады зніжалі тэмпературу цела. Апошнім часам пра ягаду ўсё часцей гавораць у сусветнай навуковай супольнасці. Многія даследчыкі прыйшлі да высновы, што журавіны дапамагаюць лячыць рак. Праверыць на практыцы, ці так гэта, узяліся польскія і беларускія біёлагі. Даследаванні праводзяць у Палескім дзяржаўным універсітэце. Тут у лабараторных умовах высвятляюць, як флаваноіды (рэчывы, якія ёсць у журавінах) аслабляюць злаякасныя клеткі.

Атрыманыя першыя вынікі абнадзейваюць. Лячэбны эфект флаваноідаў заключаецца ў тым, што яны затрымліваюць лекі ў клетцы і тым самым робяць хіміятэрапію больш выніковай. Калі даследаванні дакажуць эфектыўнасць флаваноідаў, на іх аснове зробяць медпрэпараты. І тады журавіны па праве можна будзе назваць чырвоным золатам, здольным ратаваць жыццё.