Пад наглядам лічбавых вачэй

4 ноября 2014
Жыхары сталічных шматпавярховак усё часцей усталёўваюць камеры відэаназірання ў сваіх пад'ездах. Сёння ў горадзе больш за сто дамоў, дзе ёсць такія прылады. Чаму мінчане выбіраюць сродкі відэаназірання і колькі яны гатовыя плаціць за дадатковую бяспеку?

Рэпартаж Аляксандра Хараўца.За гэтым домам у мікрараёне Каменная Горка назіраюць дадатковыя 20 вачэй - лічбавых. Камеры відэаназірання ёсць не толькі ў пад'ездзе, але і на даху і ў ліфтавых холах. Ужо тры гады жыхары шматпавярхоўкі могуць назіраць за тым, што адбываецца на паркоўцы, у двары, і нават сачыць за тым, хто з суседзяў грэбуе правіламі паасобнага збору смецця.Прагляд архіўных відэаматэрыялаў асаблівых цяжкасцяў не выклікае. Для гэтага жыхарам дома трэба звярнуцца з пісьмовай заявай аб дазволе паглядзець карцінку з камер і прынесці дыск альбо флэш-карту, куды відэаінфармацыю і скапіруюць.

Самастойна ўсталёўваць камеры ў пад'ездах шматпавярховак мінчане не могуць. Абсталяванне дома сістэмай відэаназірання праводзіцца толькі пры згодзе большасці жыхароў.

Сёння ўсталяванне сістэмы відэаназірання ў адным пад'ездзе каштуе ад 15 мільёнаў рублёў. За абслугоўванне лічбавых вачэй таксама прыйдзецца штомесяц даплачваць прыкладна 20 тысяч. Аднак аб эфектыўнасці такога дадатковага нагляду сведчыць статыстыка. У дамах з камерамі відэаназірання ўчыняецца злачынстваў на 80 працэнтаў менш.

У Мінску больш за сто дамоў абсталяваныя камерамі відэаназірання. Палова ўсёвідушчых шматпавярховак знаходзіцца у Фрунзенскім і Маскоўскім раёнах сталіцы. З кожным годам іх колькасць расце. Мінчане ахвотна ўсталёўваюць сістэму відэаназірання дзеля асабістай бяспекі.