Пад Барысавам узнавілі знакамітую баталію Айчыннай вайны 1812 года

27 ноября 2017

Напалеон на Бярэзіне. Пад Барысавам узнавілі знакамітую баталію Айчыннай вайны 1812 года. Столькі кавалерыстаў тут было, бадай, толькі 205 гадоў таму. У юбілейнай бітве прынялі ўдзел рэканструктары з Беларусі, Расіі, краін Балтыі, з Польшчы і нават Францыі. Рэтраспектыва апошняга вялікага супрацьстаяння вайны 1812 года ў рэпартажы Наталлі Кузьміцкай.

Гэтае месца, як потым занатуюць гісторыкі, стане месцам крушэння ўсіх надзей вялікага палкаводца. Тут ён страціць палову свайго войска.

Алег Салаў - заснавальнік ваенна-гістарычнай рэканструкцыі ў Расіі. Больш за 40 гадоў ён аднаўляе знакавыя гістарычныя падзеі: бітву за Смаленск, Барадзіно - і зараз у мундзіры маршала Нея ён узначальвае войска Напалеона на Бярэзіне.

Кавалерыйскія набегі, адчайныя сутычкі пяхоты, залпы гармат - юбілейная баталія атрымалася самай відовішчнай і масавай. На Бярэзіне сабраліся ўдзельнікі гістарычных клубаў з сямі краін, у тым ліку і Францыі.

На падрыхтоўку да баталіі яе ўдзельнікам спатрэбіўся не адзін тыдзень. Нават за некалькі хвілін да бітвы яны адточвалі ваенныя манеўры.

205 гадоў таму непераможная напалеонаўская армія не вытрымала ўдару. Бітвай на Бярэзіне завяршылася працяглая вайна, ад якой больш за ўсё пацярпелі менавіта беларускія тэрыторыі: загінуў кожны чацвёрты жыхар, прыкладна мільён чалавек.

Памяць пра мужных салдатаў Айчыннай вайны 1812 года захоўваюць гісторыкі і рэканструктары. Штогод яны максімальна рэалістычна ўзнаўляюць баталіі апошняй прыгожай вайны.