Паштовыя паслугі з дастаўкай дадому

10 марта 2016

У сталічным рэгіёне пашыраецца сетка мабільных аддзяленняў паштовай сувязі. Ужо амаль тры дзясяткі паштамтаў на колах звязалі звыш 400 невялікіх вёсак і мястэчкаў.

У такіх аддзяленнях можна не толькі адправіць ліст, аплаціць камунальныя паслугі або зняць грошы з карткі, але і набыць адзенне, посуд і нават бытавую тэхніку праз спецыяльны каталог. Пра паслугі на колах раскажа Ян Пашкевіч.

Па прыездзе мабільнай пошты жыхары пасёлка Школьны Стаўбцоўскага раёна заўсёды звяраюць гадзіннікі. Роўна а дзясятай гадзіне раніцы начальнік перасовачнага кіёска Надзея Яўсейчык прымае першых кліентаў. Заўсёды побач і вадзіцель - яе муж Вікенцій. Штодня сямейная пара прывозіць паштовыя паслугі жыхарам 20-ці аддаленых вёсак.

Пошта, банкамат і магазін крокавай даступнасці ў невялікім аўто. Такія мультыфункцыянальныя паслугі на колах даязджаюць да самых аддаленых мястэчкаў вобласці. Зараз па сельскіх маршрутах цэнтральнага рэгіёна курсіруюць каля 30-ці аўтамабіляў паштовай сувязі.

Акрамя звычайных паштовых паслуг, такое мабільнае аддзяленне прапануе набыць некаторыя харчовыя тавары або прадметы першай неабходнасці.

Прадукты харчавання, абутак, касметыка або нават тэлевізары – асартымент тавараў не меншы, чым у звычайным магазіне, толькі цэны ніжэйшыя – гандлёвая надбаўка мінімальная. На вітрынах побач з каляровымі паштоўкамі і свежымі часопісамі неабходныя ў гаспадарцы тавары. Спіс паслуг мабільнага аддзялення разнастайны. Усё дзеля зручнасці жыхароў аддаленых вёсак.

Сетка паштовых аддзяленняў на колах ужо звязвае звыш чатырохсот населеных пунктаў Мінскай вобласці. У найбліжэйшы час на карце мабільных паслуг з'явяцца новыя даступныя пункты.