Сёння ў Дзень Канстытуцыі свой галоўны дакумент атрымалі амаль два дзясяткі школьнікаў з Мінскага раёна. Пашпарт грамадзяніна Беларусі выдатнікам вучобы, пераможцам алімпіяд уручылі члены Палаты прадстаўнікоў. Менавіта ў Авальнай зале Дома ўрада 22 гады таму прынялі Канстытуцыю Беларусі. У падарунак навучэнцы атрымалі маляўнічы альбом.
Віктар Гумінскі, намстаршыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі: "Гэтай акцыяй мы хочам распавесці нашым маладым грамадзянам пра значнасць асноўнага закона краіны, але і не толькі. Мы хочам сказаць, што Канстытуцыя РБ стварае ўсе ўмовы для таго, каб будучыня нашай краіны - а гэта як раз гэтыя маладыя грамадзяне - для іх створаныя ўсе ўмовы, каб яны сталі годнымі грамадзянамі сваёй радзімы".
І сёння ж пашпарты школьнікам з усёй краіны ўручылі ў Канстытуцыйным Судзе, які і закліканы ахоўваць асноўны закон Беларусі. Нагадаем, ініцыятар акцыі "Мы - грамадзяне Беларусі" - Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Сёлета яна праходзіць ужо 13-ы раз.













