Амаль дзевяць тысяч стракатых флажкоў упрыгожаць фасад Педагагічнага ўніверсітэта

16 декабря 2015

66 спецыяльных модуляў навагодняга пано ўмацоўваюць на плошчы 720 квадратных метраў. Важыць адна канструкцыя амаль 50 кілаграмаў. Падрыхтоўка і тэхналогія аздаблення не заўсёды была такой. Як змяняўся навагодні фасад будынка і якім ён будзе цяпер - у матэрыяле Юліі Токар.

Гэта яе 112-ае флажковае пано. Маляр Ганна Скрабатун сваёй прафесійнай справе прысвяціла амаль 30 гадоў. І на працягу гэтага часу заўсёды з імпэтам і адказнасцю падыходзіць да падрыхтоўкі святочнай кампазіцыі, асабліва навагодняй.

Каб аздобіць фасад Педагагічнага ўніверсітэта поўнасцю, спатрэбіцца амаль 9 тысяч вось такіх 30-сантыметровых шматкоў. Спектр колераў самы разнастайны: ад залацістага да сінявата-чорнага. Сёлета выкарысталі 20 адценняў. Прычым, тэхніка навязвання флажкоў уручную змянілася.

Але ж флажковае пано, якое 28 гадоў упрыгожвае сталічны будынак на галоўнай плошчы, не заўсёды было такім. Спачатку гэта была фарбаваная фанера – замест падсветкі выкарыстоўвалі матэрыял у дзірачку. Дарэчы, нават сучасныя тэхналогіі латэкснага поўнакаляровага друку ўсё роўна застаюцца ў пройгрышы перад яркасцю натуральнай тканіны. І вось ужо 20 гадоў пано - своеасаблівая мазаіка з шоўку. За гады былі кампазіцыі і з прымяненнем ручнога роспісу. Усё залежыць ад малюнка. Навагоднюю тэматыку адлюстроўвалі праз галоўных персанажаў свята, заснежаныя краявіды, гарадскую архітэктуру. Кожнае было адметным – пачынаючы ад колеравай палітры да непасрэднага аздаблення.

Арт-аб’екты, аплікацыі з дапамогай тканіны, накладныя элементы, супрэматызм - штогод акцэнты на святочным плакаце мяняюцца. Але ж кожны падыход эксклюзіўны. Цікава, што сюжэт пано зблізку не бачны, поўнае ўяўленне пачынаецца з 200 метраў. Зараз спецыялісты на вышыні 50 метраў умацоўваюць модулі з флагамі. Такіх канструкцый 66. дарэчы, на мантаж усяго святочнага пано, памер якога 720 квадратных метраў, спатрэбіцца два дні. І ўжо заўтра фасад Педагагічнага ўніверсітэта будзе ўпрыгожваць навагодняя флажковая мазаіка, аналагаў якой пакуль няма ва ўсіх краінах СНД.