Ганаровыя граматы і падзякі атрымалі прадстаўнікі мінскіх гандлёвых сетак

28 июля 2017

Лепшых работнікаў гандлёвай сферы віншавалі сёння ў сталіцы напярэдадні прафесійнага свята. Ганаровыя граматы і падзякі атрымалі прадстаўнікі мінскіх універмагаў, магазінаў і гандлёвых сетак. За плённую і адданую працу ўручылі і нагрудныя знакі выдатнікаў гандлю. Надзея Сербіненка - пра лепшыя гандлёвыя калектывы Мінска.

Гандлёвы дом – адзін з самых буйных у Мінску. Яго калектыў – гэта амаль 700 чалавек, больш за 30 аддзелаў. За адзін дзень праз дзверы ўнівермага праходзіць да 10 тысяч чалавек і да кожнага трэба знайсці асабісты падыход.

А ўніверсам у раёне трактарнага завода - наадварот класічны фармат крамы крокавай даступнасці. Тут павінна быць усё неабходнае па даступнай цане і за некалькі метраў ад пад'езда. Дырэктар універсама Таццяна Екач многіх пакупнікоў ведае асабіста.

Універсаму каля 30 гадоў, але за апошні час у ім адбыліся кардынальныя змяненні. Рамонт уваходнай групы, новы аддзел кулінарыі, сучасныя вітрыны.

Абодва калектывы – у спісе лепшых работнікаў гандлю Мінска. Узнагароду за прафесійныя дасягненні атрымалі паўсотні работнікаў - прадаўцы, афіцыянты, кіраўнікі рынкаў і магазінаў. Падчас урачыстага вечара яны атрымалі ўзнагароды, ганаровыя граматы і падзякі..

Паляпшэнне сэрвісу, праца над выкладкай тавару і афармленнем гандлёвай залы, пашырэнне асартыменту і высокая якасць прадуктаў – з гэтага і складаецца гандлёвы поспех.

Сёлета ў сталіцы адкрыліся тры сотні новых гандлёвых аб'ектаў. Усяго ж у гэтай сферы ў Мінску працуе больш за 100 тысяч чалавек.