Чаму крызісным пакоем у сталіцы амаль ніхто не карыстаецца?

5 Сакавіка 2015

Першы крызісны пакой для ахвяр сямейнага насілля ў цэнтры сталіцы адкрыўся амаль год таму. Аднак прасторнай, абсталяванай кватэрай амаль ніхто не карыстаецца. Між тым летась, паводле афіцыйных звестак, ахвярамі хатняга насілля сталі больш за 250 чалавек. Чаму крызісны пакой прастойвае? Разбіраўся Аляксандр Харавец.

 

Таццяна Радзевіч – дырэктар крызіснага пакоя -  падрабязна расказвае пра паслугі, якія тут аказваюць пацярпелым ад хатняга насілля. Адкрыўся ён амаль год таму. Гэта адзіная пляцоўка ў горадзе. Аднак за гэты час яе паслугамі скарысталася толькі адна сям’я.

Крызісны пакой, хаця гэта і часовы прытулак, аднак знаходзіцца тут можна фактычна да вырашэння канфліктнай сітуацыі ў сям’і. Усяго тут тры жылыя абсталяваныя памяшканні, дзе адначасова могуць пражываць тры сям’і.

Крызіснай кватэрай, якая пустуе амаль год, зацікавілася Генеральная пракуратура. Паводле слоў спецыялістаў ведамства, прычына - у адсутнасці міжведамаснага супрацоўніцтва.

Андрэй Бабчанок, старшы пракурор аддзела ўпраўлення Генеральнай пракуратуры Беларусі: "У гэты пакой павінны змяшчацца ахвяры насілля  па накіраванні органаў унутраных спраў, сацыяльных службаў, камітэта па працы. Аднак не да ўсіх даводзілася гэта інфармацыя і ў выніку не ўсе  ведалі аб магчымасці змяшчэння ў гэты пакой. Хоць мне здаецца, пры прыняцці ўсяго комплексу мер дадзеная сітуацыя была б зменена ў лепшы бок і станоўча б адбілася на змяненне крымінагеннага становішча".

Супрацоўнікі ж цэнтра сцвярджаюць, што прычына, хутчэй, у менталітэце гараджан. Паводле статыстыкі, хатняе насілле ў 70% выпадкаў адбываецца ў звычайных сем’ях. І людзі не хочуць выносіць сваркі за межы кватэры. Акрамя гэтага прысутнічае страх і ў тым, што раззлаваны муж можа знайсці сям’ю і тады без новага скандалу не абысціся. Хаця ў цэнтры гарантуюць канфідэнцыяльнасць і бяспеку.

Таццяна Радзевіч, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна г. Мінска:  "Тут у нас знаходзіцца выхад у грамадскі пункт правапарадку і ўмовы любой ахвяры максімальна абаронены. Трывожная кнопка ў нас прысутнічае. Вы бачылі самі краты на вокнах, г.з нічога не перашкаджае тут спрыяльнаму пражыванню. Ёсць яшчэ такое паняцце як агрэсар, каб агрэсар не змог даведацца,  прыйсці і аказаць яшчэ  больш цяжкі націск на сваю жонку або кагосьці. Адрас павінен заўсёды заставацца строга канфідэнцыяльным".

Акрамя бяспечнага пражывання ў крызісным пакоі аказваюць і псіхалагічную дапамогу.

Ірына Дудка, намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацабароне Мінгарвыканкама: "Псіхолаг, які  сёння дасць дасведчаную кансультацыю па сямейных адносінах, дапаможа выйсці кожнай сям'і з крызіснай сітуацыі,  стаць на шлях прымірэння. Акрамя таго, у горадзе паспяхова функцыянуе цэнтр абслугоўвання сям'і і дзяцей".

Паслугі па часовым пражыванні ў сталіцы ахвярам дамашняга насілля, акрамя крызіснага пакоя, бясплатна аказваюць яшчэ пяць грамадскіх аб’яднанняў. Звярнуцца па дапамогу можна па тэлефоне  8(017)367-32-32. Лінія працуе кругласутачна.