Пераможныя маршы сёння прагучалі ў Наваполацку

3 мая 2017

Традыцыйны конкурс страявой песні сабраў сотні ўдзельнікаў з розных рэгіёнаў вобласці.

У святочнай калоне - школьнікі, а таксама каманды воінскіх часцей Полацкага гарнізона. Конкурс пачаўся з урачыстага шэсця. Пад гукі аркестра калона пракрочыла па цэнтральнай вуліцы да галоўнай плошчы горада. Паглядзець на маляўнічае шэсце і падтрымаць удзельнікаў конкурсу прыйшлі тысячы гледачоў. Сярод ганаровых гасцей, вядома, галоўныя героі - ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Яны ж і галоўныя настаўнікі на гэтым уроку патрыятызму, які ўжо шмат гадоў аб'ядноўвае розныя пакаленні.

На некалькі гадзін галоўная плошча горада ператварылася ў вялізную канцэртную залу пад адкрытым небам. Школьнікі падрыхтавалі для ветэранаў і памятныя паштоўкі. У кожнай - падзяка за подзвіг і мірнае неба.