Пераможцы алімпіяды - будучыя работнікі Нежынскага комплексу

29 мая 2020
Выпускнікі школ Любанскага раёна - пераможцы алімпіяды БНТУ - не проста перамаглі ў інтэлектуальным турніры, але і працаўладкаваліся. Такім спосабам Нежынскі горна-абагачальны комплекс правёў адбор будучых спецыялістаў. 14 юнакоў і дзяўчат прайшлі анлайн-тэсціраванне па матэматыцы і фізіцы. Заданні распрацоўвалі выкладчыкі тэхнічнага ўніверсітэта. Мэта профільнай алімпіяды - прыцягнуць мясцовую моладзь да працаўладкавання на Нежынскім горна-абагачальным комплексе, які знаходзіцца ў Любанскім раёне.

Усе ўдзельнікі алімпіяды атрымалі каштоўныя падарункі. А тых, хто вырашыць паступіць на горна-тэхналагічныя спецыяльнасці, падтрымаюць дадаткова. Гэта выплата грантаў – у дадатак да стыпендыі, бясплатнае пражыванне ў інтэрнаце і  гарантаванае працаўладкаванне па спецыяльнасці.

Сяргей Папоў, дырэктар ЗТАА "Слаўкалій": "Мы першы раз праводзім такую алімпіяду. Важна тое, што ў нас ёсць планы дабудаваць гэты камбінат і планы прыцягнуць малады персанал для працы на новым сучасным камбінаце. Гэта магчымасць сённяшнім вучням, заўтрашнім абітурыентам, зрабіць кар'еру". 

Першыя тоны калійнай руды на комплексе ў Любанскім раёне здабудуць ужо ў наступным годзе. Тады ўзнікне патрэба ў новых спецыялістах горна-тэхналагічнага профілю з вышэйшай адукацыяй.