Па ўсёй краіне праходзяць урачыстыя мерапрыемствы. Беларусь памятае. Памятае кожнага

9 мая 2020
Як бачым, падзеі тых гадоў згуртавалі людзей з абсалютна рознымі лёсамі. Але ва ўсіх была адзіная мэта - свабоднае мірнае жыццё. І нават у мірны час  9 Мая для кожнага з нас - дзень асаблівы. 
Па ўсёй краіне (у абласных цэнтрах і невялікіх населеных пунктах) праходзяць урачыстыя мерапрыемствы. Як там сустракалі свята? Распавядуць нашы карэспандэнты.

Расказвае Марыя Тройніч.

Да 75-годдзя Вялікай Перамогі ў Брэсцкай крэпасці адкрыюць новы музей 

Сёння Брэсцкая крэпасць тоне ў кветках.На зямлі, дзе пралілася першая кроў Вялікай Айчыннай, гучаць словы падзякі. Мужнасць герояў стала ўсесаюзным сімвалам у барацьбе за Радзіму. Праціўнік разлічваў захапіць цытадэль усяго за восем гадзін - крэпасць пратрымалася больш за месяц. Абаронцы паміралі, але не здаваліся. Ушанаваць памяць герояў сёння прыходзілі цэлымі сем'ямі.  
Зусім хутка на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу з'явіцца яшчэ адно памятнае месца.
Да 75-годдзя Вялікай Перамогі ў Брэсцкай крэпасці адкрыюць новы музей. Яго ствараюць ва Усходнім форце цытадэлі, дзе прайшлі цяжкія і апошнія баі за крэпасць. Будынак пакінулі ў нязменным выглядзе: з паўразбуранымі сценамі, ранамі ад куль і снарадаў. Каб бачылі - якой цяжкай цаной даставалася Перамога.
9 Мая - асаблівае свята першым чынам для тых, хто адваёўваў Перамогу са зброяй у руках. У Брэсце ветэранаў ушаноўвалі з аркестрам пад вокнамі кватэр. 

У Магілёве вуліцу  ператварылі ў танцавальную пляцоўку

Пары закруціліся ў вальсе пад любімыя песні ваенных гадоў. 

Фёдар Крываногаў, ветэран Вялікай Айчыннай вайны:

"Як на фронце, прыязджалі канцэрты. І сёння памяць для нас зрабілі вельмі вялікую. Усіх віншую беларусаў з вялікім святам - 75-годдзем нашай Перамогі. Натхнялі на далейшае жыццё".

У Гомелі па вуліцах праехала тэхніка ваенных гадоў. Машыны рэканструявалі спецыяльна да свята. 
Атмасферу таго самога першага дня Перамогі ўзнавілі і ў Гомелі. Там па вуліцах праехала тэхніка ваенных гадоў. Машыны рэканструявалі спецыяльна да свята. 
У Гродзенскай вобласці адным з цэнтраў урачыстасцяў стаў сквер памяці ў Ваўкавыску.
Для мясцовых жыхароў гэтае знакавае і святое месца, тут пахаваныя байцы Чырвонай арміі. У 1944-м за горад вяліся разлютаваныя баі. Ваўкавыск быў буйным чыгуначным вузлом, і фашысты імкнуліся ўтрымаць яго любой цаной. За вызваленне райцэнтра воінскім падраздзяленням была аб'яўленая падзяка Сталіна. 

У Мінскай вобласці сімвал Перамогі, безумоўна, Курган Славы

У гэтых краях улетку 1944-га Савецкая армія абкружыла і разграміла 105-тысячную групоўку нямецкіх войскаў. Гэта стала адной з вырашальных падзей у наступальнай аперацыі "Баграціён" і вызваленні нашай краіны. 

Успаміналі сёння і нявінных ахвяраў вайны ў Хатыні

Месца, якое сімвалізуе сабою 186 беларускіх вёсак, якія разам з іх жыхарамі фашысты спалілі дашчэнту. 
Удвая знакавы - 75-гадовы - юбілей Перамогі для жыхароў Дубровенскага раёна
Тут пасля рэканструкцыі адкрыўся мемарыяльны комплекс "Рыленкі". На братэрскіх могілках - астанкі 10 тысяч савецкіх салдат. Мемарыял размешчаны ля трасы Брэст - Масква. Машыны, якія праязджаюць паблізу, запавольваюць хуткасць, а цягнікі абавязкова падаюць гукавы сігнал. Уздоўж дарогі - ад варот да пліт - усталявалі 4 стэлы, прысвечаныя здзейсненым у гэтым раёне баявым подзвігам. На ўваходзе - у граніце сцісла і кранальна: "Подзвігі вашы бессмяротныя". 
Ад Брэста да Віцебска (у кожным беларускім горадзе і вёсцы, у кожнай сям'і) - свае героі. Іх подзвіг жыве ў сэрцах пакаленняў. Беларусь памятае. Памятае кожнага.