Па ўсёй Беларусі - з Белтэлерадыёкампаніяй. Медыяхолдынг запускае трэвел-шоу

31 августа 2018

Па ўсёй Беларусі - разам з Белтэлерадыёкампаніяй. Найбуйнейшы медыяхолдынг запускае новае трэвел-шоу! "Маршрут пастроены" - гэта тэлевізійнае падарожжа па малых гарадах нашай вялікай радзімы і медыя-даведнік па самых цікавых, але незаслужана малавядомых населеных пунктах Беларусі. Над прэм'ерай новага сезона працавала вялікая творчая каманда Белтэлерадыёкампаніі, да якой далучылася і наш карэспандэнт Вольга Мядзведзь.

Сплаў на байдарках, вейкбордынг, скачкі з тралея, шпацыр па рацэ на катары, саляныя пячоры і шматвяковыя архітэктурныя будынкі. Не, гэта не раскошныя курортныя забаўкі дзе-небудзь за акіянам, гэта наша Беларусь. Да Года малой радзімы крэатыўная каманда Белтэлерадыёкампаніі адпраўляецца ў тэлепадарожжа па краіне. У эфіры першай кнопкі не толькі добра вядомыя буйныя гарады, але і невялікія населеныя пункты, аграгарадкі, у перспектыве і вёскі.

Марыя Багатыр і Сяргей Лапкоўскі, чаргуючыся, праводзяць дзень, як турысты. З экіпіроўкі - карта і навігатар. У 26-хвілінным выпуску вядучы наведвае ў сярэднім 12 розных лакацый. Апроч знаёмства з славутасцямі і забаўкамі, падлічваецца выдаткаваны бюджэт. Пры дапамозе графікі тлумачыцца, якім транспартам можна дабрацца да пункта прызначэння. Таксама гледачам прадстаўляюць унікальных асоб, народных улюбёнцаў, гонар таго або іншага горада.

Прыгажосць беларускіх ландшафтаў - перад аб'ектывам трох камер. Дзве працуюць з вядучым, па канцэпцыі - ніякіх статычных планаў, увесь маршрут пастаянна ў руху. Трэцяя - дрон - фіксуе ўсё з вышыні птушынага палёту. За кадрам кожнай серыі - армія спецыялістаў. Аўтары, рэжысёры, рэдактары, аператары, асвятляльнікі, інжынеры з усіх падраздзяленняў Белтэлерадыёкампаніі. Таксама спецыяльна пад прэм'ерны праект напісана эксклюзіўнае музычнае суправаджэнне.

Праект "Маршрут пастроены" апынуўся для здымачнай групы з рызыкай для жыцця. Напрыклад, падчас скачка з тралея вядучая стукнулася і атрымала ўдар нагі, падчас панарамнай здымкі прыроды дрон ледзь не патануў у мёртвым возеры, а падчас шпацыру па рацэ катар на вялікай хуткасці ўрэзаўся ў паромны трос.

Ужо заўтра Белтэлерадыёкампанія прапануе тэлегледачам свой аўтарскі маршрут для падарожжа! У першым выпуску новага трэвел-шоу мы адпраўляемся ў Ліду. Сам жа праект штотыднёвы! Кожную суботу ў ранішнім прайм-тайм пасля 9-гадзінных навін новае месца на карце. Усяго за тэлесезон плануецца адкрыць для турыстаў 72 гарады.