Па ўсёй Беларусі напярэдадні Дня ведаў пройдуць школьныя кірмашы

12 августа 2015

Крыху больш за два тыдні засталося на падрыхтоўку да новага навучальнага года. Напярэдадні першага званка на прылаўках магазінаў пашырыўся асартымент школьных прылад, а дызайнеры прапанавалі калекцыі новай школьнай формы. Па ўсёй Беларусі напярэдадні Дня ведаў пройдуць школьныя кірмашы. Толькі ў Віцебскай вобласці іх адкрыецца больш за дзевяноста.

Школьную тэму прадоўжыць Марына Раманоўская. Да новага навучальнага года на гэтым прадпрыемстве пачынаюць рыхтавацца задоўга да першага званка. Тут шыюць школьную форму і для дзяўчынак, і для хлопчыкаў. У калекцыі больш за сто сучасных мадэляў.

Спадніцы, штаны, сарафаны. Да школьнага сезона на прадпрыемстве выпусцілі больш як восем з паловай тысяч адзінак школьнай формы. Дызайнеры робяць акцэнт на натуральных матэрыялах. Гэта паўшарсцяная, шарсцяная і віскозная тканіна.

Сёлета ў трэндзе класіка. Строгія касцюмы з цёмнай тканіны: чорнай, шэрай і сіняй. Сярод новых прапаноў - пінжакі для хлопчыкаў з натуральнай шэрсці.

Марына Кошалева, вядучы мастак-мадэльер прадпрыемства па пашыве адзення: "Немалаважным з'яўляюцца розныя аздобныя элементы. Мы робім спалучэнне тканіны. Выкарыстоўваем такі элемент, як налакотнікі, трыкатажныя каўнерыкі. Гэта не толькі прыгожа і модна, але і зручна".

Пакупнікі Беларусі і Расіі ўжо ацанілі арыгінальнасць такіх камплектаў адзення. Уся лінейка віцебскіх вытворцаў шырока прапанаваная ў гандлёвай сетцы. У дзяцей і бацькоў ёсць выбар - штаны, пінжакі, кашулі. Кожны падбярэ на свой густ. У буйным універмагу Віцебска толькі школьнай формы больш за семдзясят мадэляў.

Сямігадовы Дзіма Шчур сёлета пойдзе ў першы клас. Для сям'і доўгачаканая падзея. Таму набыццё школьных прылад і формы не сталі адкладваць. З радасцю выбіраюць ранец, пенал, сшыткі. Ну і, вядома ж, касцюм. Першакласнік павінен выглядаць адпаведна новаму статусу.

Алоўкі, ручкі, лінейкі… Пашыраны распродаж школьных прылад у Віцебскай вобласці пачаўся яшчэ ў сярэдзіне ліпеня. Для зручнасці пакупнікоў працуюць больш за тысячу куткоў для школьнікаў.

Напярэдадні Дня ведаў, 15 і 22 жніўня, у Віцебскай вобласці будуць працаваць больш за дзевяноста школьных кірмашоў. Кірмашы здзівяць шырокім асартыментам і зніжкамі, каб новы навучальны год быў на радасць і школьнікам, і іх бацькам.