Фінальным і, мабыць, самым яркім момантам Дня Перамогі стаў святочны салют. У неба над Мінскам і абласнымі цэнтрамі зрабілі па 30 залпаў пераможнага агню.
Пра вынікі свята і яго працяг - Юрый Шаўчук.
У парку Горкага, зрэшты, як і ў астатніх парках горада, сёння аншлаг. Людзі гуляюць сем'ямі, сустракаюцца з сябрамі і проста весела праводзяць выхадныя. На працягу дня тут працавалі аніматары, якія не давалі гасцям парку пасумаваць нават хвіліну.
Толькі паводле самых сціплых падлікаў, напярэдадні ў народных гуляннях у Мінску прынялі ўдзел некалькі сотняў тысяч чалавек. Найбольшую колькасць людзей можна было назіраць каля стэлы Мінск - горад-герой, у парку Перамогі і на праспекце Пераможцаў. Тут больш за 100 тысяч чалавек захапляліся святочным салютам.
Сёлета, каб надаць салюту яшчэ вялікую відовішчнасць, вайскоўцы скарацілі прамежкі паміж залпамі. Снарады ў святочным небе ўзрываліся за паўкіламетра ад зямлі. Неба рознакаляровымі фарбамі размалявалі 30 залпаў. Дарэчы, убачыць яркія фарбы над сабою можна было ў любой частцы Мінска.
Назіраць святочны салют можна было не толькі ў сталіцы, але і ў кожным абласным цэнтры краіны. У горадзе над Бугам салют традыцыйна адбыўся ў Брэсцкай крэпасці. Неба над цытадэллю з тых жа 30 артылерыйскіх залпаў расфарбавалі амаль паўтысячы феерверкаў, у тым ліку і ў колеравай гаме нацыянальнага флага Беларусі.
У адзін і той жа час з усёй краінай прагучалі выстралы салюту і ў Гродне. Яркія агні феерверка ўпрыгожвалі неба горада над Нёманам 15 хвілін. Роўна столькі, колькі і ў горадзе над Сожам.
У Гомелі аматары самага яркага і святочнага дзейства сабраліся на галоўнай канцэртнай пляцоўцы горада - у раёне Лядовага палаца.
Ва ўсіх абласных гарадах масавыя гулянні ў Дзень Перамогі працягваліся да ночы. Зрэшты, закончацца яны толькі ў панядзелак. Менавіта ў гэты дзень у тых беларусаў, якім не перанеслі рабочы панядзелак, пачнуцца працоўныя будні. Ды і то ненадоўга. Ужо ў аўторак многія зноў адправяцца на чарговы выхадны.














