Па крымінальнай справе аб выбухах феерверкаў у Мінску затрыманы падазроныя

4 Ліпеня 2019

Па крымінальнай справе, узбуджанай па факце выбухаў феерверачных вырабаў у Мінску, затрыманы двое мужчын, якія прыбылі ў Мінск для аказання тэхдапамогі для падрыхтоўкі да святочнага салюту. Падчас следства выяўлена, што ў працэсе падрыхтоўкі ўстановак прадстаўнікі прадпрыемства-пастаўшчыка дапусцілі парушэнні парадку працы з феерверачнымі вырабамі. 
А менавіта ажыццявілі механічнае ўздзеянне на зарады піратэхнікі, не прадугледжаныя правіламі. Падазроныя затрыманы. Расследаванне працягваецца. Нагадаем, 3-га ліпеня падчас правядзення святочнага салюту  адбыліся 4 выбухі феерверачных вырабаў. Сітуацыю сёння пракаменціравалі ў Следчым камітэце.
Па інфармацыі Міністэрства абароны,   салютная ўстаноўка складаецца з базавага шасі, на якім зманціравана салютнае абсталяванне  вытворчасці расійскага прадпрыемства "Піра-Рос": марціры, размеркавальныя каробкі, ланцугі сілкавання і пульт кіравання. Зарад, якім зараджаюць спецыяльныя марціры,   таксама пастаўляецца з Расіі. У Міністэрстве абароны таксама адзначылі, што  салютныя ўстаноўкі,  з якіх рабіліся залпы 3-га ліпеня,  былі прынятыя  на забеспячэнне Узброеных сіл у 2007 і 2015 гадах.  Яны забяспечваюць салют  не радзей за два разы на год  на рэспубліканскіх і спартыўных святах у Мінску. Спецыялісты, якія дапускаюцца да вытворчасці салютаў, праходзяць падрыхтоўку і выконваюць навучальную стральбу  перш, чым атрымаць допуск да працы з устаноўкамі. Працэс зарадкі кожнай марціры  для выключэння чалавечага фактару  здымаецца на відэа. Таксама  абавязковыя кантрольныя меры перад кожным салютам: праверка ланцугоў сілкавання, зазямленне і  аб'ектыўны кантроль.

Уладзімір Каранік, Міністр аховы здароўя Беларусі: "Медыцынскае забеспячэнне масавых мерапрыемстваў заўсёды знаходзіцца пад пільнай увагай Міністэрства аховы здароўя, камітэта па ахове здароўя гарвыканкама. Уся зона правядзення масавых мерапрыемстваў і сумежнай тэрыторыі была разбітая на сектары. У кожным сектары быў вызначаны адказны, у кожным сектары дзяжурылі брыгады хуткай дапамогі, зыходзячы з колькасці людзей, якія будуць знаходзіцца. Былі як пешыя брыгады, так і машыны. Гэта дазволіла аказаць дапамогу ў максімальна кароткія тэрміны.  На сённяшні момант у бальніцы застаюцца 2 чалавекі. Двое мужчын: 62 гадоў - раненне шчакі, стан здавальняючы, адзін мужчына -  траўматычны пералом пляча. Ён таксама ў стане бліжэйшым да здавальняючага, таму ніякай небяспекі для жыцця няма". 

Сітуацыю адпаведныя органы  трымаюць на кантролі. Працягваюцца следчыя дзеянні, ідзе дэталёвы аналіз здарэння.



Папулярныя

Рэкамендуемыя

Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя