Па традыцыі дзень выбараў для беларусаў стаў сапраўдным святам

12 октября 2015

Канцэртныя праграмы ад сучаснай эстрады да класікі. На кожным участку панавала святочная атмасфера. Для дзяцей гульнявыя зоны, для бацькоў - майстар-класы ад візажыстаў і дэгустацыі. На выбарчыя ўчасткі людзі ішлі сем'ямі.

Каб дзень выбараў запомніўся беларусам, якія галасуюць упершыню, на ўчастках падрыхтавалі сувеніры і паштоўкі са зваротам кіраўніка Цэнтрвыбаркама. Толькі ў Віцебскай вобласці такіх выбаршчыкаў 12 тысяч чалавек.

У Брэсцкай вобласці яўка да канца дня склала больш чым 85%. Галасавалі выбаршчыкі і на закрытых участках: у санаторыях, бальніцах і ваенных часцях. Усяго ж у рэгіёне працавала амаль 940 участкаў.

Асаблівую ўвагу падчас выбараў надалі грамадзянам, якія па розных прычынах не змаглі асабіста прыйсці на выбарчы ўчастак. Да іх дамоў з пераноснымі урнамі адправіліся сакратары камісій.

У Гродне прагаласавалі насельніцы Свята-Раство-Багародзічнага жаночага манастыра. Да манашак спецыяльна прыехалі прадстаўнікі ўчастковай камісіі. Адзначым, на некаторых выбарчых участках у абласным цэнтры можна было з дапамогай сеткі Інтэрнэт запрасіць выбарчую камісію дамоў для тых, хто па якіх-небудзь прычынах не мог самастойна прыйсці на выбары.