З нагоды Нацыянальнага дня ААЭ ў Мінску адбыўся ўрачысты прыём

3 декабря 2016

Аб’яднаныя Арабскія Эміраты адзначылі  Нацыянальны дзень -  45-ю гадавіну аб'яднання эміратаў у адзіную дзяржаву. З нагоды свята ў Мінску адбыўся ўрачысты прыём. Сярод гасцей - прадстаўнікі  дыпкорпуса, міністэрстваў і ведамстваў, а таксама дзелавых колаў дзвюх краін. Кожнага асабіста вітаў пасол Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў у Рэспубліцы Беларусь. ААЭ - наш асноўны партнёр сярод арабскіх дзяржаў Персідскага заліва.

За 4 тысячы кіламетраў мы пастаўляем МАЗы, аўтатэхніку Мінскага завода колавых цягачоў, мэблю і нават прадукты харчавання. Адносіны паміж краінамі не абмяжоўваюцца толькі  эканомікай. Да нас едуць вучыцца, працаваць і жыць.

Умар аль-Шафі, прадстаўнік мусульманскага  рэлігійнага аб'яднання ў Беларусі:

"Мы рады прыняць удзел у гэтым свяце. Паміж мусульманамі Беларусі і ААЭ цесныя адносіны, прымаюць удзел у розных мерапрыемствах, падтрымліваюць нас. Віншую народ з гэтым святам".

Трывалую аснову супрацоўніцтва для Беларусі і Эміратаў  ствараюць даверныя адносіны паміж кіраўнікамі краін. На вышэйшым узроўні Беларусь у  Абу-Дабі прымаюць з 2000 года. 

Візіт беларускага лідара ў Эміраты, які адбыўся літаральна месяц таму, ужо пяты. Галоўныя тэмы сёлетніх перамоў - глыбокае інвестыцыйнае супрацоўніцтва, стратэгічныя праекты ў лагістыцы і сферы высокіх тэхналогій.

Арабскія бізнесмены высокага ўзроўню частыя госці ў Мінску. Летась эмірацкі бізнес інвесціраваў у Беларусь амаль 600 мільёнаў долараў. Працуе 14 сумесных прадпрыемстваў.