Па даручэнні Прэзідэнта ў краіне праходзіць праверка аб'ектаў масавага збору людзей

27 марта 2018

Па даручэнні Прэзідэнта ў краіне праходзіць праверка аб'ектаў масавага збору людзей. Гэта спартыўныя арэны, кінатэатры і гандлёва-забаўныя цэнтры. У спісе для праверак - дзіцячыя сады, жылыя дамы, інтэрнаты. Маштабная праверка сістэм апавяшчэння, прадугледжаных на выпадак надзвычайных здарэнняў, пачалася пасля трагедыі ў расійскім Кемераве. Трывожныя весткі не маглі не паўплываць на працу нашых спецслужбаў. МНС абяцае праверыць такія пляцоўкі па ўсёй краіне. Сёння стала вядома, што да беларускіх ратавальнікаў падключылася і міліцыя. Асаблівай адказнасці праваахоўнікам надае яшчэ і той факт, што зараз у беларускіх школьнікаў канікулы. Менавіта дзеці гэтымі днямі - галоўныя наведвальнікі забаўных пляцовак.

Пра канікулы без небяспекі - Аляксандр Камовіч.

Апавяшчэнне аб пажарнай трывозе ў адным з буйных гандлёва-забаўных цэнтраў краіны заспела ў павільёнах тысячы наведвальнікаў. За лічаныя хвіліны арганізавана эвакуацыя людзей. Прычым свае рабочыя месцы пакідаюць і супрацоўнікі гандлёвых залаў. Сёння трывога толькі вучэбная, аднак падчас рэальнай пагрозы, калі на рахунку кожная секунда, дакладныя і суладныя дзеянні персаналу могуць выратаваць жыццё многіх людзей.

Гэтыя дні - час школьных канікул. Дзясяткі тысяч дзяцей бавяць час у кінатэатрах, забаўных цэнтрах, на гульнявых і спартыўных пляцоўках. Тут тры паверхі, сотні магазінаў, фудкорт і кінатэатры. Дзяцей сюды прыводзяць цэлымі класамі, таму бяспека павінна быць на самым высокім узроўні. Да дзеянняў тутэйшых спецыялістаў у МНС сур'ёзных пытанняў няма - усё зроблена належным чынам, сваю працу супрацоўнікі ведаюць.

Падчас абходу ратавальнікі заўважаюць і дробныя недахопы. Напрыклад, на папераджальных таблічках у ліфтах няма інфармацыі, што падчас пажару карыстанне імі забаронена. Зрэшты, сур'ёзным такі недахоп не назавеш, таму тут толькі папярэджанне.

І ўсё ж на кантролі абсалютна ўсё, што ўваходзіць у кампетэнцыю МНС - ад планаў эвакуацыі і колькасці вогнетушыцеляў да працаздольнасці сістэмы апавяшэчння і аўтаматыкі тушэння пажараў.

Асаблівую ўвагу падчас праверкі надаюць аварыйным выхадам. У абавязковым парадку кожны з іх павінен быць адчынены, а доступ да іх павінен быць свабодным. Па словах ратавальнікаў, у надзвычайнай сітуацыі гэты шлях можа стаць дарогай да выратавання.

А вось у гандлёвым цэнтры на вуліцы Несцерава ў сталіцы на адно з самых галоўных правіл бяспекі не звяртаюць увагу. Аварыйны выхад з другога паверха быў зачынены. Пасля таго, як яго адчынілі, аказалася, што лесвіца выкарыстоўваецца як склад для тавараў. Дырэктар цэнтра быў нешматслоўны, але абяцаў усё выправіць.

А вось у галоўным універмагу краіны пажарная сігналізацыя і зусім не прагучала - на момант праверкі яна проста не працавала. Аб надзвычайнай сітуацыі людзей апавяшчаў супрацоўнік магазіна, аднак сігнал, відаць, дайшоў не да ўсіх. Нягледзячы на патэнцыйную небяспеку, некаторыя супрацоўнікі вырашылі застацца на сваіх месцах.

У магазіне ратавальнікі зазіраюць літаральна ў кожнае памяшканне. Падчас надзвычайнай сітуацыі на рахунку кожная секунда.

Плошча гандлёвага цэнтра "Экспабел" - 36 тысяч квадратных метраў. Гэта амаль пяць футбольных палёў. Нягледзячы на гэта, за лічаныя хвіліны тут пустыя залы, быццам сёння выхадны. Нягледзячы на вымушаную меру пакінуць гандлёвы цэнтр, многія людзі ставяцца да гэтага з разуменнем.

На кантролі і аб'екты ў рэгіёнах. Планавую эвакуацыю і маніторынг сістэм бяспекі сёння правялі ў Лядовым палацы Гродна. На думку экспертаў, такія тактыка-спецыяльныя вучэнні дазволяць выявіць слабыя месцы ў супрацьпажарнай бяспецы аб'ектаў. Усяго ж у рэгіёне да канца тыдня такія вучэбныя стрэс-тэсты пройдуць больш чым на 20-ці аб'ектах, дзе традыцыйна вялікі паток людзей.

Яшчэ адну лядовую арэну праверылі ў Віцебску. Акрамя гандлёвых павільёнаў, тут размяшчаецца цэнтр сямейнага адпачынку, разлічаны на вялікую колькасць дзяцей.

Трэба сказаць, што да працы ратавальнікаў сёння падключыліся і супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў. Міліцыянеры дапамогуць арганізаваць эвакуацыю ў месцах масавага збору людзей і прасочаць за парадкам. З улікам таго, што бяспека ў нашай краіне - адзін з найважнейшых прыярытэтаў, ратавальнікі адзначаюць: галоўнае падчас маніторынгу не пакараць, а прадухіліць і не дапусціць бяды.