Па забяспечанасці насельніцтва жыллём сярод краін СНД Беларусь уступае толькі Арменіі

27 октября 2014

Па забяспечанасці насельніцтва жыллём сярод краін СНД Беларусь уступае толькі Арменіі. На канец 2013 года на аднаго жыхара нашай краіны прыпадала 25,7 квадратных метра, у Арменіі - 31,3. А вось па такім статыстычным паказчыку, як увод у дзеянне квадратных метраў жылля на 1 тысячу чалавек наша краіна значна апярэджвае ўсе краіны СНД, прычым такая сітуацыя назіраецца на працягу апошніх гадоў.


Аб чым яшчэ расказалі ў Нацыянальным статкамітэце, ведае Андрэй Лапцёнак.


Год таму ўрад раскрытыкаваў вынікі праграмы жыллёвага будаўніцтва. За тры кварталы толькі 50 аб'ёмаў гадавога задання. Чыноўнікі ад Мінбудархітэктуры настойвалі - неабходна дафінансаваць аб'екты 2013 года і тыя аб'екты, якія пераходзяць на гэты год, каб сітуацыя не паўтарылася. Грошай дабавілі, узялі на кантроль і вынік атрымалі. У студзені-верасні бягучага года 20% інвестыцый, засвоеных у рэспубліцы, накіравалі на ўзвядзенне жылля. Апошнія тры гады на гэтыя мэты накіроўвалася парадку 15% інвестыцый. Ну а толькі за год аб'ём сродкаў, засвоеных на будаўніцтве жылых дамоў, павялічыўся на 8%.


Таццяна Комар, начальнік упраўлення статыстыкі будаўніцтва Нацыянальнага статыстычнага камітэта: З пачатку бягучага года ў студзені-верасні ўведзена ў эксплуатацыю 4 млн квадратных метраў агульнай плошчы жылля. Гэта на 277 тысяч квадратных метраў вышэй, чым за аналагічны перыяд 2013 года або на 7,5%.


Рост уведзеных метраў адзначаецца па ўсіх рэгіёнах рэспублікі, найбольш прыкметны - у Гомельскай, Віцебскай і Магілёўскай абласцях. Абазначыўся і лідар. Афіцыйная статыстыка на кастрычнік: за 9 месяцаў бягучага года найбольш высокія аб'ёмы ў Мінскай вобласці і сталіцы краіны, дзе на працягу апошніх гадоў сумарны ўвод жылля складае каля 40% у рэспубліканскім аб'ёме. Зрэшты, забудоўваць Мінск такімі тэмпамі больш не будуць. Аб'ёмы будаўніцтва ў горадзе істотна скароцяцца. Да 2017 года амаль у 2 разы. Больш увагі добраўпарадкаванню ўжо забудаваных тэрыторый. А вось будаўніцтва арэнднага жылля ў аб'ёмах толькі вырасце.


Таццяна Комар, начальнік упраўлення статыстыкі будаўніцтва Нацыянальнага статыстычнага камітэта: Назіраецца пастаянны рост уводу ў эксплуатацыю арэнднага жылля. Калі за 2012 год было ўведзена ў эксплуатацыю 190 кватэр, за 2013 год 944 кватэры, то ўжо за 9 месяцаў 2014 года ўведзена ў эксплуатацыю 2,5 тысячы кватэр.


Што датычыцца выканання праграмы па жыллёвым будаўніцтве, яго плануецца забяспечваць за кошт гарадоў-спадарожнікаў. Яшчэ адна новая тэндэнцыя года - рост будаўніцтва жылля за кошт сродкаў насельніцтва і паніжэнне будаўніцтва за кошт крэдытных рэсурсаў. Так, калі ў 2011 годзе больш за адну трэць жылля было пабудавана за кошт сродкаў насельніцтва, а палова - за кошт крэдытаў, то зараз гэтыя суадносіны прама процілеглыя.


Вадзім Тачкін, кіраўнік рыэлтарскай кампаніі: Сама дзяржава дакладна дае зразумець, што дапамагаць будуць не ўсім. Колькасць катэгорый, якім будзе аказаная дзяржпадтрымка, істотна скарачаецца, магчымасць стаць у чаргу тых, хто мае патрэбу, таксама моцна абмежавалі. Таму сапраўды зараз гэта ўсё звялося да некалькіх мэтавых дзяржаўных праграм.


Акрамя арэнднага, у ліку такіх праграм - жыллё для шматдзетных і неабароненых сацыяльных слаёў. У астатніх выпадках чалавеку прыйдзецца разлічваць на сябе. Дарэчы, эканоміка ад гэтага толькі выйграе. У абарот уцягваюцца назапашванні грамадзян, якія яны трымалі на дэпазітах, у валюце або пад матрацам.


І яшчэ адзін цікавы і пахвальны для Беларусі факт ад Белстата. Паводле вынікаў мінулага года Беларусь значна апярэджвае краіны СНД па ўводзе квадратных метраў на 1 тысячу насельніцтва. У 2013 у нашай рэспубліцы на тысячу чалавек уведзена ў эксплуатацыю 533 квадратныя метры агульнай плошчы жылля. Гэта на 62 квадратныя метры больш, чым у Расіі і ў 2,2 раза больш, чым ва Украіне.