Па гучнай справе ашмянскіх мытнікаў вынесеныя прысуды

8 августа 2017

Свой вердыкт пачулі 16 чалавек. Прад'яўленыя абвінавачанні па артыкулах: "Атрыманне хабару", "Дача хабару" і "Бяздзейнасць службовай асобы". Пра масавае затрыманне супрацоўнікаў пункта пропуску "Каменны Лог" стала вядома яшчэ ў красавіку 2015. Аперацыю праводзіў Камітэт дзяржбяспекі. Паводле версіі абвінавачання, на працягу 5 гадоў мытнікі атрымлівалі грошы за хуткі і бесперашкодны пропуск праз мяжу машын з кантрабандай. Згодна з матэрыяламі справы, сума хабараў перавысіла 850 тысяч долараў. Пры гэтым падчас вобыску дома ў фігурантаў справы знайшлі больш за 2 мільёны долараў наяўнымі.

Усе падрабязнасці гучнай справы - у Юрыя Шаўчука. Гэта відэа было знята падчас вобыску кватэр асноўных фігурантаў крымінальнай справы. Тады ў дамах падазроных аператыўнікі знайшлі больш за 2 мільёны долараў, прычым большая частка сумы была схаваная пад гэтай ваннай. Усяго ж па ўсёй Гродзенскай вобласці супрацоўнікі КДБ правялі каля 50 затрыманняў. Асноўная ўвага падчас спецаперацыі была нададзена кіраўнікам ашмянскай мытні. Паводле версіі следства, менавіта гэтыя людзі арганізавалі ў пункце пропуску "Каменны Лог" сапраўдны канвеер па пропуску фур з кантрабандным грузам.

Як вынікае з матэрыялаў крымінальнай справы: "...праз пункт пропуску злачыннай групай без выплаты мытных плацяжоў было прапушчана больш за 3 тысячы велікагрузаў. Памеры хабараў, якія бралі зламыснікі, вар'іраваліся ад 110 да 750 долараў ЗША у залежнасці ад грузу, што перавозіўся. Напрыклад, за фуру кветак плата складала ў сярэднім 250 долараў..."

Па такой схеме мытня давала дабро каля 5 гадоў. Усяго ж, толькі па самых сціплых падліках, сума хабараў склала 852 тысячы долараў. У жыхароў Ашмян у залатыя часы мясцовай мытні нават з'явілася свая народная мудрасць - "хочаш жыць добра, ідзі працаваць у "Каменны Лог".

Але ў красавіку 2015 года Камітэт дзяржбяспекі разбурыў крымінальную лагістыку, якая ахутала самыя буйныя вароты ў краіну на літоўскім кірунку.

Судовае пасяджэнне па гэтай крымінальнай справе доўжылася 8 месяцаў. На лаве падсудных 16 чалавек, з іх 14 мытнікаў, у тым ліку і адна жанчына. Прычым, летась перад пачаткам судовага працэсу толькі 5 абвінавачаных дабіліся хатняга арышту, хоць хадайнічалі пра гэта і ўсе астатнія. Але ў выніку чакаць вердыкта Феміды 11 чалавек засталіся пад вартай. Усяго ж справа аб хабарах у "Каменным Логу" разглядалася ў чатырох мінскіх судах, а абвінавачанымі праходзілі каля 50 ашмянскіх мытнікаў.

А гэта ўжо апошняе пасяджэнне Мінскага абласнога суда. Да гэтага фігурантам было прад'яўлена абвінавачанне па артыкулах: "Атрыманне хабару", "Дача хабару" і "Бяздзейнасць службовай асобы", а пракурор запрасіў для абвінавачаных ад 2 да 12 з паловай гадоў пазбаўлення волі. У выніку Феміда ў большай частцы згадзілася з бокам абвінавачання і прыгаварыла падсудных да тэрмінаў пазбаўлення волі ад 5 да 11 з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Большасць мытнікаў сваю віну прызналі: хтосьці цалкам, хтосьці часткова. І толькі Юрый Кавальчук і Ігар Бубноў увесь час настойвалі на сваёй невінаватасці. Самае суровае пакаранне атрымаў былы мытнік, а пасля бізнесмен Гарнік Сарумянц - 11 з паловай гадоў узмоцненага рэжыму. Той самы мільён 800 тысяч долараў, што знайшлі ў яго пад ваннай, будзе канфіскаваны. З 16 фігурантаў 13 прыгавораны да пазбаўлення волі, двое - да папраўчай установы адкрытага тыпу, яшчэ адзін чалавек - Артур Тураеў, літоўскі бізнесмен - да штрафу і хатняй “хіміі”. Ён быў вызвалены ў зале суда.

Пакуль прысуд cуда ў законную сілу не ўступіў і можа быць абскарджаны як бокам абвінавачання, так і абаронай на працягу 10 сутак.