Па гучнай справе фірмы "Спектр-капітал" сёння вынеслі прысуд

16 февраля 2017

Тры бухгалтары прызнаныя вінаватымі ў махлярстве ў асабліва буйным памеры. Абвінавачаныя асуджаныя на тэрміны ад 7 да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Адбываць пакаранне жанчыны будуць у калоніі агульнага рэжыму. Многія могуць успомніць "Спектр-капітал" як фірму, што працавала па ўкладах кліентаў і прапаноўвала дзіўныя працэнты - аж да 70. Ці варта гаварыць, што такая шчодрасць скончылася для ўкладчыкаў вельмі сумна. Па сутнасці гэтае прадпрыемства аказалася звычайнай фінансавай пірамідай. У выніку больш за 200 чалавек пазбавіліся сваіх грошай. Агульны ўрон ад дзейнасці аферыстаў склаў каля мільёна долараў. Тэму прадоўжыць Юрый Шаўчук.

300 тамоў крымінальнай справы і паўтара года расследавання. А пачалося ўсё тры гады таму з заяў падманутых укладчыкаў. Як тлумачылі людзі, "Спектр-капітал" адмаўляецца аддаваць іх уклады. А пазней падчас разглядаў высветлілася, што фірма працавала па прынцыпе фінансавай піраміды.

Тамара Кулезава аказалася адной з 220-ці чалавек, якія забыліся на прыказку пра бясплатны сыр і пастку. Як гаворыць жанчына, галаву закружылі нечуваныя працэнты. А зараз больш падрабязна пра тое, як працавала шэрая схема. Супрацоўнікі кампаніі заключалі з людзьмі дагавор пазыкі. Згодна з ім, укладчыкам павінны былі выплачваць працэнты ад унесенай сумы. Аднак аддаваць грошы сваім кліентам кіраўніцтва кампаніі першапачаткова не збіралася.

Каб супакоіць занепакоеных укладчыкаў і выйграць час, ім прапаноўвалі новыя, нібы яшчэ больш выгадныя ўмовы. Людзям тлумачылі, што зараз грошы знаходзяцца ў рабоце і вывесці іх немагчыма. Але фірма гатовая перавесці іх уклад пад больш высокі працэнт. Калі раней укладчык павінен быў атрымаць 30% ад сумы за год, то зараз яму абяцалі 70% або прапаноўвалі стаць інвестарам праекта па стварэнні гасцінічнага комплексу ў цэнтры Мінска. Такі варыянт аказваўся прывабным, многія згаджаліся. Але ў выніку піраміда разбурылася.

Гэта фінал гісторыі. Суд прызнаў трох бухгалтараў фірмы "Спектр-капітал" вінаватымі ў махлярстве ў асабліва буйным памеры, учыненым групай асоб. Абвінавачаныя асуджаныя на 7, 8 і 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Адбываць пакаранне жанчыны будуць у калоніі агульнага рэжыму. Таксама асуджаным трэба будзе кампенсаваць пацярпелым маральны ўрон - кожнаму чалавеку ад 300 да 5 тысяч рублёў. Але сказаць, што кропка ў гэтай справе пастаўлена, нельга. На ўцёках па-ранейшаму знаходзіцца асноўны фігурант - грамадзянін Расіі, які ў 2010 годзе і заснаваў "Спектр-капітал".

На тое, каб абскардзіць прысуд, і ў абароны, і ў абвінавачання будзе роўна 10 сутак з моманту атрымання копіі пастановы суда на рукі. Што да матэрыяльнага ўрону, то рашэнне аб яго кампенсацыі будзе прымаць ужо грамадзянскі суд па асобным іску кожнага з пацярпелых.