Пляжны сезон круглы год

24 марта 2018

Для гэтых людзей мароз купанню не перашкода. І пакуль адны скардзяцца на зіму ў сакавіку, яны ловяць апошнія моманты, каб акунуцца ў ледзяную ваду. Інтэрв’ю ў гомельскіх маржоў прама з палонкі ўзяла Ганна Кавалёва.

Гэтыя хлопцы і ў мінус 10 на пляжы адчуваюць сябе як летам. Свабодна ходзяць у плаўках і ловяць рачны брыз.

Удзельнікі фізкультурна-аздараўленчага клуба "Гомельскія маржы" на цэнтральным пляжы кожны тыдзень. Кажуць, гэта і экстрым, і адмысловая філасофія - жыць у гармоніі з прыродай і весці здаровы лад жыцця. Выпрацоўваецца псіхалагічная ўстойлівасць, а імунітэт працуе без збояў, як гадзіннік. Дасведчаныя маржы адзначаюць: калі выходзіш з вады, па целе разліваецца не тое што цеплыня, сапраўдная гарачыня.

Вецер паўночна-заходні. На вуліцы 8 градусаў марозу. Зараз праверым і тэмпературу вады. На тэрмометры 0. Летам камфортным лічыцца купанне ў вадзе, сагрэтай да плюс 23 градусаў.

Для гэтых плыўцоў наадварот: чым ніжэйшы слупок тэрмометра, тым лепшае купанне. І, увага, галоўны сакрэт маржоў - на самай справе ў ледзяной вадзе яны грэюцца.

Віктар Яршоў - чалавек і ваеннай, і марознай загартоўкі. Маржаваннем займаецца ўсё жыццё. У клубе маржоў самы старэйшы. На гарызонце ў яго 9 дзясятак. А курс - на лыжню працягласцю 3 кіламетры: перад акунаннем у палонку трэба разагрэцца.

Клубу "Гомельскія маржы" 56 гадоў. Зараз у ім амаль 3 дзясяткі чалавек: як моладзь, так і пенсіянеры. І ні адзін з іх не ведае, што такое прастуда ці грып. Да маржавання прыходзяць рознымі шляхамі. Распаўсюджаны сцэнарый - упершыню паспрабаваў на Вадохрышча і спадабалася. Узровень ва ўсіх розны: хтосьці амаль не трывожыць водную роўнядзь, хтосьці літаральна кіпяціць дарожку.

Медальны багаж гамяльчан у сёлетнім "Белгард-шоу" - серабро і бронза. А сапернікамі былі 1200 чалавек. У канцы сакавіка цуды холадаўстойлівасці яны прадэманструюць на чэмпіянаце Беларусі, які адбудзецца ў Мінску.