Пляжы ў прыгарадзе Мінска сталі больш камфортнымі

15 июня 2015

Новыя паслугі прапаноўваюць на сямі вадаёмах. На Цнянскім вадасховішчы ўпершыню адкрылі пункт пракату пляжных прылад і веласіпедаў. Калі паслуга будзе запатрабаванай, скарыстацца ёй можна будзе і на іншых пляжах. А на Мінскім моры для зручнасці адпачывальнікаў да мангалаў бясплатна падвозяць дровы. Дарэчы, сёлета ўладкавалі больш за 2 дзясяткі месцаў для пікнікоў і паставілі 50 мангалаў. Аляксандра Драгун больш падрабязна пра інфраструктуру гарадскіх пляжаў. 

Юрый Горбач аддае перавагу не замежнаму мору, а Мінскаму. Штогод прыязджае адпачываць на Заслаўскае вадасховішча. Ехаць недалёка - сам мінчанін, ды і інфраструктура прыдатная. Сёлета выгоду гарадскога адпачынку адкрылі для сябе і сябры Юрыя. Адначасова ўзялі адпачынак і на тыдзень размясціліся ля вадаёма.

Хоць будны дзень і пахмурнае надвор’е, але адпачывальнікаў хапае. Дарэчы, на Мінскім моры 8 пляжаў. Днямі з’явіўся і платны. Уваход сто тысяч рублёў. У суму ўваходзіць арэнда шэзлонга, ручніка і карыстанне душавой. Ёсць і VIP-зона.

Адпачываць на Заслаўскім вадасховішчы стала больш камфортна. Напрыклад, тут раней стаяў адзін мангал, сёлета ўсталявалі лаўку і стол. Акрамя гэтага, на ўсіх пляжах Мінскага мора павялічылася колькасць альтанак і месцаў для пікніка.

Мангалаў дадалі 29, лавак – 18. Для зручнасці адпачывальнікаў падвозяць бясплатна дровы да абсталяваных месцаў. Акрамя гэтага, штодзень працуюць сезонныя кафэ. На трэцім пляжы Заслаўскага вадасховішча будуюць другі кіёск для летняга гандлю.

За бяспекай на вадзе кожную хвіліну сочаць вадалазы-ратавальнікі. Аляксей Багаслаў у АСВОДзе 10 гадоў. Кожны працоўны дзень пачынае з праверкі вадалазнага абсталявання. Бо, нягледзячы на вопыт і працоўны стаж, катар павінен быць гатовы да экстраннага выкліку.

А за чысцінёй і парадкам сочыць калектыў у паўсотню чалавек. Штодзень машыны вывозяць смецце, а ў святочныя і найбольш спякотныя дні па два разы. У лепшы бок змянілася інфраструктура Цнянскага вадасховішча. Пакуль плаваць нельга на другім пляжы – яго рамантуюць, астатнія парадуюць гараджан і гасцей камфортнымі ўмовамі адпачынку.

На Цнянскім вадасховішчы 5 пляжаў з веладарожкамі, пляцоўкамі для актыўнага адпачынку, альтанкамі для пікнікоў і пунктамі пракату. Дарэчы, апошняя паслуга датычыцца не толькі двухколых, на час у карыстанне можна ўзяць нават мяч.

Для адпачынку ў прыгарадзе сталіцы добраўпарадкавана 25 пляжаў на сямі вадасховішчах. Сёлета там дадаткова ўсталявалі дзясятак альтанак, паўсотню мангалаў і ўладкавалі больш за 20 месцаў для пікнікоў. Цяпер справа за адпачывальнікамі, каб альтанкі не станавіліся прадметам вандалізму, а выкарыстоўвалі іх выключна  для адпачынку.