Пляцоўкі для варкаўта, скаладромы і школьныя мультыстадыёны

4 сентября 2015

Пляцоўкі для варкаўта, скаладромы і школьныя мультыстадыёны – грандыёзныя спартыўныя збудаванні з’яўляюцца ў Мінску ўсё часцей. Зараз знайсці від спорту сабе па душы можа кожны і цалкам бясплатна. Пляцоўкі для валейбола, футбола, баскетбола, тэніса і нават экстрэмальны веладром – такі вялікі спартыўны комплекс адкрылі сёлета ля 55 сярэдняй школы. А маленькім навучэнцам футбольнага клуба “Мінск” пазайздросцяць нават многія прафесійныя футбалісты: штучны газон з сістэмай падагрэву новага стадыёна робяць футбольнае поле адным з лепшых у краіне. Сучасныя спартыўныя пляцоўкі сталіцы наведаў Ян Пашкевіч.

Максім Труханавец – чалавек, які ламае стэрэатыпы. У жыцці ён звычайны праграміст. Але прафесія не перашкаджае штодзень займацца варкаўтам. Вулічная гімнастыка нават пасля працоўнага дня не стамляе, а наадварот - дадае бадзёрасці.

Першыя пляцоўкі для заняткаў варкаўтам з’явіліся ў сталіцы летась і адразу сталі запатрабаванымі. Самы вялікі спартыўны комплекс пад адкрытым небам рыхтуюць да адкрыцця ў парку імя Паўлава.

Турнікі, лесвіцы, перакладзіны пакрытыя пластыкам. Для ізаляцыі металу. У такім выпадку рукі не будуць прымярзаць да трэнажораў зімой. Усе дэталі – нібы з канструктара: калі зламаюцца, іх можна лёгка замяніць.

А нядаўна адкрыты стадыён ля 55-й сярэдняй школы больш нагадвае алімпійскую вёску. Тут адразу можна займацца ўсімі папулярнымі відамі спорту з мячом, ёсць трэнажорная пляцоўка і нават экстрэмальны велатрэк.

На працягу навучальнага года ў школе будуць працаваць спартыўныя гурткі, у тым ліку і для дарослых. Таксама з 1 верасня новы стадыён атрымаюць і выхаванцы сталічнага футбольнага клуба “Мінск”.

Яшчэ некалькі год таму я сам гуляў у футбол на гэтым полі. Тады тут амаль не было травы, а бегаць заміналі вялікія купіны. Сёння ж тут сучасны стадыён са штучным пакрыццём, электрападагрэвам і нават сістэмай аўтаматычнага паліва. Дзякуючы гэтаму гуляць у футбол на полі можна круглы год. А з 1 верасня стадыён ажыў – кожны дзень тут трэніруюцца амаль паўтысячы юных спартсменаў.

Скалалажанне, бампербол, флайбордынг – інфраструктура беларускай сталіцы мультыспартыўная. Задаволіць і аматараў экстрэмальных відаў спорту, і прыхільнікаў класікі.

А ўжо 13 верасня вуліцы горада пераўтворацца ў бегавыя дарожкі – Мінск прыме міжнародны паўмарафон. Удзельнікамі самага маштабнага спартыўнага флэшмоба стануць тытулаваныя спартсмены, вядомыя медыйныя персоны, а таксама жыхары і госці сталіцы.