Пляцоўка для будаўніцтва беларускай палярнай станцыі гатовая

22 апреля 2015

Гэтую навіну сёння прывёз кіраўнік нацыянальнай антарктычнай экспедыцыі Аляксей Гайдашоў. Сёння двое ўдзельнікаў каманды вярнуліся з далёкага падарожжа і адразу трапілі ў абдымкі родных і калег. Больш як паўгода яны не былі на Вялікай зямлі, але гэты час не марнавалі. Асноўныя работы ішлі па ўладкаванні пляцоўкі для ўзвядзення ўласнай палявой базы. Сучасны пункт апоры дазволіць праводзіць не толькі сезонныя работы, але і заставацца на зімоўку ў суровых умовах самага халоднага кутка Зямлі. Плануецца, што першыя модулі адправяцца на шосты кантынент планеты ўжо з наступнай экспедыцыяй, старт якой намечаны на лістапад.

Экспедыцыя стала сёмай па ліку. Па словах Аляксея Гайдашова, яна ўнесла адчувальны ўклад не толькі ў развіццё беларускай, але і сусветнай навукі: даследаванне аэразольнага і газавага слоя, фізікі атмасферы, мікрабіялогіі. Вялікая ўвага была нададзена касмічным праграмам, напрыклад, карэкціроўцы аптычных прыбораў расійскага спадарожніка "Канопус-Б" і беларускага БКА.