Плазму для лячэння каранавіруса нарыхтоўваюць у Маладзечне

27 мая 2020
Падзяліцца імунітэтам літаральна за паўгадзіны. Жыхары Мінскай вобласці могуць стаць донарамі плазмы для лячэння пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй. Біяматэрыял, які дапамагае захаваць жыццё, назапашваюць на абласной станцыі пералівання крыві. 

Туды ўжо звярнуліся некалькі дзясяткаў чалавек, якія пераадолелі COVID-19. Кампаненты з антыцеламі выкарыстоўваюць у самых складаных выпадках. Але ж своеасаблівы архіў біяматэрыялу ствараюць у кожным рэгіёне. Як гэта адбываецца, убачыла Аляксандра Кавеліч. 

Скаргі менавіта на такія сімптомы Таццяна не раз чула падчас сваёй працы. А потым і сама фельчар хуткай дапамогі часова стала пацыентам. З дыягназам «каранавірус» правяла ў бальніцы 11 дзён. І як толькі стала магчыма, жыхарка Маладзечна паспяшалася падзяліцца сваім імунітэтам.

Назапашванне плазмы ў абласной станцыі пералівання крыві пачалі тыдзень таму. За гэты час карыснымі клеткамі падзяліліся 40 жыхароў з розных гарадоў цэнтральнага рэгіёна. 

Сама тэхналогія захоўвання кампанентаў крыві вельмі складаная. Звычайна дзеля бяспекі пацыентаў  плазма паўгода знаходзіцца ў своеасаблівым каранціне. Зараз жа паскорыць працэс дапамагае ўнікальная тэхніка, якая ёсць усяго у некалькіх клініках краіны. 

Адсюль плазму адправяць у Рэспубліканскі цэнтр трансфузіялогіі. Там біяматэрыял ачысцяць і замарозяць пры вельмі нізкай тэмпературы. У спецыяльных боксах ён можна захоўвацца некалькі гадоў, але ж зараз, вядома, не той выпадак. Імунітэт, як правіла, знаходзіць новага ўладальніка праз некалькі дзён. 

Вызначаць тых, каму можа спатрэбіцца такая дапамога, сталі і ў Маладзечне. Для гэтага адкрылі новую ПЛР-лабараторыю. Каб атрымаць вынік, спецыялістам патрабуецца прыкладна 6 гадзін.

З высокадакладным абсталяваннем дапамаглі інстытуты Акадэміі навук. Цяпер у Маладзечна трапляюць аналізы з 4-х раёнаў Мінскай вобласці. Гэта дазволіла знізіць нагрузку са сталічных лабараторый.