З-за непагадзі ў Мінску і Мінскай вобласці ўведзены план "Надвор’е"

23 ноября 2023

Завіруха гаспадарыць у Мінску і вобласці. З-за моцнага снегападу, шквалістага ветру і складанай сітуацыі на дарогах у сталіцы і цэнтральным рэгіёне ўведзены план "Надвор’е". Бачнасць на дарогах мінімальная. Для бяспекі вадзіцеляў на трасах працуе спецтэхніка, расчышчае снег, а праезную частку апрацоўваюць пясчана-саляной сумессю. Каб пазбегнуць дарожна-транспартных здарэнняў, ДАІ рэкамендуе вадзіцелям захоўваць хуткасны рэжым і інтэрвал руху, не ажыццяўляць рэзкіх манеўраў, быць максімальна асцярожнымі за рулём. Пры магчымасці варта ўвогуле адмовіцца ад паездак на ўласным аўто на далёкія адлегласці.

Камунальныя і дарожныя службы ва ўсіх населеных пунктах Мінскай вобласці аператыўна ўбіраюць снег, ачышчаюць тратуары, пешаходныя пераходы, дваровыя тэрыторыі. Пешаходам варта быць уважлівымі падчас пераходу праезнай часткі, а вадзіцелям неабходна тэрмінова замяніць шыны аўто на зімовыя. Дробныя ДТЗ ужо фіксуюцца ў сталіцы.