"Полымя міру" ўсё бліжэй да сталіцы ІІ Еўрапейскіх гульняў

13 июня 2019
Эстафета "Полымя міру" ўсё бліжэй да сталіцы ІІ Еўрапейскіх гульняў! Сёння трэці дзень маршруту па Мінскай вобласці. Такім чынам, у мінулым шахты і тэрыконы Салігорска, а таксама палацава-паркавы комплекс у Нясвіжы. Сёння ж адбыўся незвычайны футбольны матч на полі "Барысаў-Арэны", а затым тэст-драйв самазвалаў БелАЗ і аўтамабіляў "Джылі". Знайшлося арыгінальнае заданне і для талісмана Гульняў: лісяню Лесіку прапанавалі знайсці папараць-кветку. У дынамічным рытме спартыўна-машынабудаўнічага адрэзку эстафеты ўвесь дзень правяла і наша здымачная група. 

За пяць гадоў сваёй гісторыі на полі лепшага футбольнага стадыёна краіны гулялі шматлікія зоркі спорту нумар адзін. Але такую каманду мары на "Барысаў-Арэне", бадай, не бачылі. Дык вось, сустракаем: Аляксей Бага, Аляксандр Глеб, Андрэй Хачатуран і  Вадзім Галыгін! Сустрэча са спартсменамі і шоуменам з майстар-класа па футболе ператварылася ў яркае свята з падарункамі для дзяцей. 

Наступны ў маршруце - горад машынабудаўнікоў Жодзіна.  На Беларускім аўтазаводзе тэмп эстафеты дынамічны, праўда, трохі цяжкавагавы: а то ж, факеланосцаў бяруць на борт самыя вялікія ў свеце кар'ерныя самазвалы. 

Для БелАЗа вага факеланосца, ну, і сам амаль двухкілаграмовы факел - гэта, вядома, нават не размінка. Бо такая машына можа перавозіць 90 тон. 

А гэта амаль 53 000 факелаў! Зрэшты, адкінуўшы арыфметыку, белазаўцы прызнаюцца: эстафета на іх прадпрыемстве - гэта груз прэстыжу. Што па-свойму пацвердзіў і алімпійскі чэмпіён па веславанні на байдарках Аляксей Абалмасаў. 

Спартыўна-машынабудаўнічую атмасферу сённяшняй эстафеты "Полымя міру" падхапіў "БелДжы". Дзякуючы факеланосцам, сярод якіх цяжкаатлет і алімпійскі чэмпіён Андрэй Арамнаў, у рабочых і інжынераў з'явілася дадатковая пяціхвілінка адпачынку. Для атлетаў жа гэта падстава пазнаёміцца з самым сучасным машынабудаўнічым прадпрыемствам Беларусі. 

Такім жа насычаным для эстафеты "Полымя міру" чакаецца і заўтрашні дзень. Сярод знакавых аб'ектаў Мінскай вобласці мемарыяльны комплекс "Хатынь", завод па вытворчасці лясной тэхнікі ў Лагойску, а таксама індустрыяльны парк "Вялікі камень".