Піянерважатыя з усёй краіны сабраліся ў Мінску на першы форум лідараў дзіцячага руху

13 сентября 2019

Піянерважатыя з усёй краіны сабраліся сёння ў Мінску  на першы форум лідараў дзіцячага руху. Яго прымеркавалі да Дня самавызначэння беларускай піянерскай арганізацыі. Ёй сёлета споўнілася 29 гадоў. Сярод важатых у асноўным школьныя педагогі-арганізатары. Для іх падрыхтавалі майстар-класы і інтэнсівы на актуальныя тэмы. Самых лепшых  гэтымі хвілінамі ўзнагароджваюць на закрыцці злёту. 

Вольга Жыхарка, важаты, педагог-арганізатар жамчужнінскай сярэдняй школы: "Сёння мае піянеры-акцябраты едуць па ўзнагароду. Не сказаць гэта немагчыма! Мы тры гады запар удзельнічаем у рэспубліканскім конкурсе "Пароль - "Акцябронак". У нас была спачатку перамога абласная, потым мы былі фіналістамі рэспублікі, а сёння мы пераможцы. Гэта вельмі важна для маіх дзетак, яны цэлы год працуюць для таго, каб атрымаць такую ўзнагароду!"

Аляксандра Ганчарова, старшыня Цэнтральнага савета БРПА: "У асноўным зараз важатыя - гэта людзі, якія атрымалі вышэйшую педагагічную адукацыю, абсалютна розны ўзроставы кантынгент, і, вядома, гэта дзяўчаты! Калі ў самога важатага гараць вочы - вось гэта, пэўна, самае галоўнае! Калі ты любіш сваю справу, дзетак, арганізацыю, тады ў цябе ўсё атрымліваецца!"

Тым часам акцябраты і піянеры ў парку Горкага прайшлі гаджэт-квэст "Мая Радзіма - Беларусь!". У пошукавай прыгодзе дзеці вывучалі гісторыю краіны і вучыліся працаваць у камандзе.