Захворванне на COVID-19 ва ўсіх рэгіёнах Беларусі значна знізілася. Гэта заявіў Дзмітрый Піневіч на выніковай калегіі Міністэрства аховы здароўя. Па словах профільнага міністра, гэта датычыцца і ВРВІ ў цэлым, і каранавіруса ў прыватнасці. Зараз ідзе інтэнсіўнае зніжэнне колькасці цяжкіх пацыентаў і шпіталізаваных у стацыянар. Пры гэтым вакцынацыя і рэвакцынацыя застаюцца адным з дзейсных спосабаў засцярогі ад інфекцыі. Адзначым, у краіне ўжо больш за 60 % насельніцтва прышчэплена адной дозай вакцыны.
Поўны курс вакцынацыі прайшлі звыш 97 % работнікаў сферы аховы здароўя, амаль 81 % работнікаў сферы адукацыі і каля 77 % пажылых, старэйшых за 60 гадоў. Нагадаем, з кастрычніка мінулага года пачата і вакцынацыя цяжарных жанчын - поўным курсам ахоплена амаль 9 тысяч чалавек. Што да падлеткаў, адну дозу вакцыны атрымалі больш за 61 тысячу чалавек.













