Пешая пілігрымка ў Будслаў

26 июня 2017

Умацаванне духоўнае - праз фізічныя выпрабаванні. Каталіцкія вернікі з Мінскага кафедральнага сабора сёння раніцай адправіліся ў пешую пілігрымку ў Будслаў - у Нацыянальны санктуарый. Пакланіцца цудатворнай іконе накіраваліся больш за паўсотню вернікаў - з малітвамі і спевамі паломнікам прыйдзецца пераадолець шлях у 120 кіламетраў. Сёлета галоўныя ўрачыстасці ў Будслаўскім санктуарыі пройдуць 30 чэрвеня і 1 ліпеня. Першых пілігрымаў праводзіла Юлія Токар.

З малітвамі, просьбамі і падзякай вернікі адпраўляюцца ў Будслаўскі санктуарый. Ранішняя служба ў кафедральным саборы Прасвятой Дзевы Марыі сабрала сотні пілігрымаў - тых, хто вырашыў пешшу прайсці няпросты шлях, каб пакланіцца цудатворнай іконе - Будслаўскай Маці Божай.

Для выпускніцы Кацярыны Фільмановіч гэта пятае падарожжа з малітвай. Дзяўчына ўпэўненая: пілігрымка ў пяць дзён - выпрабаванне найперш духоўнае, не фізічнае. Гэтым разам Кацярыну суправаджае і малодшая сястра.

Яны мінуюць гарадскія праспекты і вуліцы, аграгарадкі і невялічкія вёскі. 27-ы раз пілігрымы ідуць ў Будслаў. Асаблівае месца для католікаў Беларусі. Менавіта тут больш за чатыры стагоддзі захоўваецца ікона Божай Маці - галоўная каталіцкая святыня.

Наперадзе ў пілігрымаў нялёгкі і доўгі шлях - больш за 120 кіламетраў яны пераадолеюць пешшу. Ідзе не толькі моладзь, але і дзеці, пенсіянеры, многія цэлымі сем'ямі. З песнямі і малітвамі людзі нясуць падзякі і просьбы Божай Маці.

Галоўныя ўрачыстасці ў гонар будслаўскай іконы распачнуцца ўвечары ў пятніцу. Апоўначы пройдзе самая відовішчная служба - з урачыстай працэсіяй са свечкамі. Тысячы вернікаў з розных куткоў Беларусі прыйдуць пешшу, некаторыя прыедуць на веласіпедах і нават прыляцяць на верталёце - сёлета практыкуюць разнастайныя фарматы пілігрымак. Але ж нязменна будслаўскі фэст аб'яднае людзей адзінай верай і малітвай.