Першы ў краіне кукурузны лабірынт стварылі ў Дзяржынскім раёне

15 августа 2017

Убачыць Беларусь у незвычайным ракурсе. Першы ў краіне кукурузны лабірынт стварылі ў Дзяржынскім раёне. На плошчы ў некалькі футбольных палёў – заблытаныя сцежкі ў форме карты Беларусі. Каб прайсці такі квэст, прыйдзецца наведаць розныя гарады краіны і паблукаць у пошуках выхаду. Зараз там завяршаюць падрыхтоўку да афіцыйнага адкрыцця – яно пройдзе ў суботу.

Аляксандра Кавеліч адной з першых прайшла па зялёным лабірынце.

Мы знаходзімся ў першым у нашай краіне кукурузным лабірынце, які ўяўляе сабою гістарычны квэст. Ён уяўляе сабою межы Беларусі, Каб паспяхова прайсці квэст, трэба знайсці ўсе пікеты.

Аляксандр Пажаранка добра ведае тут кожную сцежку. Менавіта ён паўгода таму захапіўся ідэяй стварыць першы ў краіне кукурузны лабірынт. Жывы маршрут у форме карты Беларусі вырас у Дзяржынскім раёне.

Каб кукурузнае поле ператварылася ў лабірынт, спатрэбілася некалькі месяцаў карпатлівай працы. Узор спачатку дэталёва намалявалі ў спецыяльнай праграме. Потым літаральна па міліметрах выкошвалі заблытаныя сцежкі, каб дакладна паўтарыць карту краіны.

Мы аднымі з першых паспрабавалі прайсці зялёны лабірынт. У маршрутным лісце шэсць пунктаў – гэта гарады Беларусі. Яны размешчаны як і на сапраўднай карце.

Зялёныя сцежкі тут пераплятаюцца і віхляюць. Блукаць можна не адзін дзясятак хвілін. Так, можа нам зараз пашанцуе... Зноў тупік. Пойдзем шукаць іншую дарогу.

Наш першы пункт – Гродна. А зараз мы трапілі ў сталіцу, адзначаем – ёсць. А вось тут вышыня кукурузы дасягае 4 метраў. Вось і фініш. Мы прайшлі ўвесь квэст.

І літаральна ўсю Беларусь. Нам на гэта спатрэбілася тут усяго 40 хвілін.

Афіцыйнае адкрыццё кукурузнага лабірынту пройдзе ў суботу. Тут жа можна будзе пазнаёміцца з гадаванцамі кантактнага заапарка і прадэгуставаць фермерскія прадукты. Побач размесцяць атракцыёны і палатачны гарадок. Прымаць гасцей кукурузны парк будзе да канца кастрычніка.