Першы ўрок у Беларусі прысвечаны малой радзіме

1 сентября 2018

Першы ўрок у Беларусі традыцыйна асаблівы. Сёлета ён прысвечаны малой радзіме. "Мне выпала шчасце тут нарадзіцца...". Так гучыць тэма, якая аб'ядноўвае ўсіх нас незалежна ад сацыяльнага статусу і становішча, узросту і месца цяперашняга пражывання. Бацькоўскі дом - зямля, дзе рабіліся першыя крокі ў дарослае жыццё, дзе прайшло дзяцінства і дзе нашы карані. Невыпадкова "цяжкі дэсант" чыноўнікаў рознага ўзроўню, вядомых людзей сёння высадзіўся па ўсёй краіне. Нефармальныя сустрэчы, шчырыя пачуцці і поўная адсутнасць пратаколу. Успаміны былых вучняў зліліся з перажываннямі цяперашніх школьнікаў, іх спадзяваннямі і надзеямі. Атмасфера сустрэч - у Святланы Лук'янюк.

Першага верасня. Не памылюся, калі скажу, што гэты дзень для многіх асацыіруецца менавіта са школай, нягледзячы на тое, колькі нам гадоў, і што сама школа засталася ў мінулым. Менавіта сёння нагода ўспомніць і пра свае школьныя гады.

Асабліва хвалюючы дзень сёння для першакласнікаў. Для іх адчыняюцца дзверы ў новае жыццё. І галоўны компас тут - настаўнік.

Адлікам жа гэтага новага жыцця для 110 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак - першакласнікаў - стаў сёння вось такі звон.

І першыя ўражанні самыя яскравыя і эмацыянальныя ад шасцігодак і іх бацькоў. Наперадзе шмат невядомага.

У кожнага з іх будуць свае школьныя гісторыі і ўспаміны. Ірына Касцевіч, міністр працы і сацыяльнай абароны, таксама сёння дзялілася сваімі. У Дзень ведаў яна прыйшла павіншаваць вучняў у школу, якую калісьці скончыла сама. У Мінску - на праспекце Пушкіна.

А пасля размовы са старшакласнікамі пра іх школьнае жыццё і, зразумела, планы і мары. Самы час вызначацца і з будучай прафесіяй. І падарунак для настаўнікаў - павышэнне акладаў з верасня.

Настаўнік адкрывае для нас цэлы свет і знаходзіць адказы на тысячы пытанняў: што, дзе і калі. Першыя ўрокі сёння і на наступным тыдні будуць прысвечаныя менавіта нашай краіне. Год малой радзімы. І ў кожнага гэта і бацькоўская хата, і, зразумела ж, свая родная школа. Сёння і гаворка з настаўнікамі пра радзіму і песні пра яе.

Віцэ-прэм'ер Сяргей Румас - з Турава, і сёння ён з падарункамі ў роднай школе. Мультымедыйная дошка для кабінета гісторыі, спартыўны інвентар. І алея новых дрэў на школьным двары. І задушэўныя размовы са старшакласнікамі пра будучае паступленне. За гэты навучальны год трэба вызначыцца, куды ісці далей.

У сваёй гімназіі ў Полацку была сёння Наталля Качанава. Гэтая ўстанова працуе ўжо 80 гадоў і носіць імя Францыска Скарыны. Назапашаны вопыт і новыя тэхналогіі - заклад поспеху ў вучняў і якасці ведаў. Падараваная суперсучасная інтэрактыўная панэль - тое, што патрэбна для вучобы.

Такой магчымасцю скарысталіся ўсе чыноўнікі. Сёння віцэ-прэм'ер Уладзімір Кухараў быў у 34 бабруйскай школе, Ігар Ляшэнка - у Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны, Ігар Петрышэнка - у Веткаўскай сярэдняй школе нумар 1. Уладзімір Андрэйчанка віншаваў 400 вучняў Бягомльскай сярэдняй школы. Кожны дзясяты з іх - першакласнікі. Для іх - камп'ютарны клас, а тэрыторыя вакол, увогуле, упрыгажэнне ўсяго пасёлка. І гэта ўсё рукамі настаўнікаў, вучняў і бацькоў.

Самая хвалюючая сустрэча не толькі са школай. А са сваім першым настаўнікам.

Сярэднюю школу нумар 4 Навагрудка скончыў 26 гадоў таму першы віцэ-прэм'ер Аляксандр Турчын. Аб тым, што веды тут на ўзроўні, яскрава гаворыць адна лічба - 80% выпускнікоў гэтага года паступілі ў ВНУ. З настаўнікамі тут ніхто не спрачаецца, нягледзечы на сённяшнія пасады. Так што, заданне ад былой класнай Аляксандру Турчыну прыйшлося выконваць без пытанняў. А пасля размовы і пра тое, як было калісьці, і пра сучасны стан адукацыі. І тут наперадзе не толькі сталічныя школы, некаторым у малых гарадах можна пазайздросціць.

Так, у сярэдняй школе нумар 1 Лельчыц з'явіліся ўсе магчымасці для падрыхтоўкі будучых ІТ-геніяў. Цяпер на ўроках інфарматыкі дзеці змогуць на сучасным абсталяванні займацца мадэляваннем, робататэхнікай і ствараць камп'ютарныя праграмы. Фота- і 3D-прынтары, праектар, канструктары, квадракоптары і вэб-камера. Найноўшай тэхнікай адзін з класаў абсталяваў Парк высокіх тэхналогій. Займацца тут школьнікі будуць з другога класа.

Інфарматыка ў гэтай школе каля 7-мі гадоў - спецыялізацыя не профільная. Але вынікі гавораць пра іншае: перамогі на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Адзін з апошніх трыумфаў у Маскве і звярнуў увагу рэзідэнтаў ПВТ. Акрамя тэхнікі, яны дапамаглі настаўнікам прайсці спецыяльныя курсы.

Практыка такой падтрымкі беларускіх школ не новая, а тут яшчэ і раёны, пацярпелыя ад чарнобыльская аварыі.

Каб падтрымліваць увагу сучасных дзяцей, трэба ісці ў нагу з імі. І тут не абысціся без тэхналогій. Інтэрактыўныя дошкі, планшэты - сёння гэта на ўроках рэчы ў многіх школах звыклыя, як ручка ці падручнік. А ў гэтым навучальным годзе, літаральна з верасня, будуць навучацца праграмаванню з 2 класа з дапамогай камп'ютарнай мовы.

У ПВТ гавораць: чакаць 6 класа, каб вывучаць інфарматыку, доўга - трэба пачынаць раней, тым больш, дзеці з ахвотай ідуць на такія дадатковыя факультатывы і праз нейкі час ствараюць свае камп'ютарные гульні.

Не менш важныя і спартыўныя дасягненні нашых дзяцей. Тым больш раўняцца і ёсць на каго. Сёння быў сапраўдны алімпійскі ўрок. Вопытам з юнымі атлетамі дзяліліся нашы праслаўленыя спартсмены. Больш за ўсё пытанняў было да чатырохразовай алімпійскай чэмпіёнкі па біятлоне Дар'і Домрачавай. Як знайсці сілы пасля паражэнняў, і як дабіцца такіх вынікаў. Атрымалася сапраўдная жывая размова. Напрыклад, чэмпіён Сочы Антон Кушнір ўзгадваў сваё дзяцінства. А яшчэ сына Платона, які сёння пайшоў у першы клас.

А будучых баскетбалістаў рыхтуюць на базе 36-й гімназіі. Сёння сюды павіншаваць школьнікаў прыехаў былы выпускнік Максім Рыжанкоў - першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта і старшыня Федэрацыі баскетбола. З падарункамі, мячамі і экіпіроўкай. Усё, што трэба для падрыхтоўкі.

Атрымаць першыя пагоны з рук міністра абароны - такі шанц выпадае не кожнаму. 1 верасня пашанцавала юным сувораўцам.

Замест школьнага званка для кадэтаў навучальны год адкрыў звон духавой трубы.

Пад гукі музычнага аркестра першакурснікі пайшлі на першы ў вучылішчы ўрок. Свае словы ў добрую дарогу гавораць і іх бацькі.

Пасля заняткаў іх чакала і яшчэ адна добрая традыцыя - прышыванне пурпурных пагонаў, паказальныя выступленні кінолагаў і спецназа. Такі незвычайны сюрпрыз у Дзень ведаў для навучэнцаў спецыялізаванага ліцэя Міністэрства ўнутраных спраў. Акрамя таго, сямікласнікі атрымалі ад міністра Ігара Шуневіча і аўдыёсістэму.

Дарэчы, абсталяваныя класы не толькі ў гарадскіх ліцэях і школах. Невялікія вёскі сёння таксама з інтэрактыўнымі дошкамі. Вось у гэтай Параф'янаўскай, што ў Докшыцкім раёне, сёння пабываў старшыня дзяржкантролю Леанід Анфімаў, дзе гаварыў пра тое, што дзяржава зараз надае вялікую ўвагу менавіта такім невялікім ўстановам. Вось тут зараз вучацца 120 школьнікаў.

Побач с аднаўленнем старых школ у Беларусі штогод з'яўляюцца новыя. Сёлета адна ў Мінску і дзве ў рэгіёнах. Не менш радасці і на ўваходзінах дзіцячага садка.

Вось гэты сад у Шчучыне адкрыўся 1 верасня. Для 170 дзяцей цяпер ён другі дом. 5 тысяч квадратаў, басейн, спартыўная і музычная залы, гульнявыя пакоі. Усё для маленькіх жыхароў мікрараёна "Заходні" пабудавалі ў кароткі тэрмін, улічваючы вялікую патрэбу.

Узвядзенне дзіцячых садкоў побач з домам у Гродзенскай вобласці не выключэнне, а правіла. За паўтара года два адкрыліся ў Астраўцы, на чарзе - два ў Навагрудку. Будуць з'яўляцца і новыя школы і ў іншых рэгіёнах, рамантавацца тыя, што маюць сваю гісторыю і традыцыі. І галоўнае, што ў гэтых сценах ёсць дзіцячыя галасы, а значыць - яны жывыя: развіваюцца і пішуць сваю гісторыю. У кагосьці сёння з'явілася толькі першая старонка, а ў іншых ужо некалькі тамоў. А пачыналася ўсё 1 верасня толькі ў розныя гады.