Першы тунэль трэцяй лініі метро злучыў будучыя станцыі "Вакзальную" і "Юбілейную"

15 июня 2017

Першы тунэль трэцяй лініі метро злучыў будучыя станцыі “Вакзальную” і “Юбілейную”. Паўтара кіламетра пабудавалі амаль за год. Зараз спецыялістам неабходна перавезці вялікі тунэлепраходчы комплекс на другі ўчастак. Велізарную машыну - каля ста метраў у даўжыню - будуць разбіраць, перавозіць і зноў збіраць на новым месцы. На гэта спатрэбіцца каля трох месяцаў. Як выглядае будаўнічая пляцоўка на глыбіні 30 метраў - убачыў Ян Пашкевіч.

Велізарны млын для камення і іншых цвёрдых парод здымаюць з тунэлепраходчага комплексу першым. “Хвост” гіганцкага свердла ўваходзіць у зямлю амаль на 100 метраў. Таму разбіраць машыну будуць паступова.

Ад будучай станцыі метро “Вакзальная” да “Юбілейнай” комплекс «Алеся» прайшоў больш за паўтара кіламетра - адпаведна па 15 метраў за дзень. За гэты час «зубы» ў вялікай металічнай «сківіцы» прыйшлося мяняць некалькі разоў.

Станцыя метро “Юбілейная” стане самай глыбокай у сталіцы. Тут над галавой у пасажыраў будзе амаль 30 метраў зямлі. Таму дастаюць велізарны комплекс з дапамогай кранаў і цяжкагрузаў. З-за гэтага рух на скрыжаванні вуліц Караля і Сухой часам можа быць перакрыты.

Стартаваць “Алеся” будзе вось з гэтага спецыяльна падрыхтаванага месца на станцыі метро “Вакзальная”. Каб перавесці сюды комплекс, спатрэбіцца амаль 3 месяцы.

Пры гэтым магутны комплекс пакідае за сабой ужо амаль гатовы тунэль - пакуль «галава» капае грунт, «хвост» адразу займаецца аддзелачнымі работамі сцен - умацоўвае іх 6-метровымі бетоннымі кольцамі.

Цалкам завяршыць будаўніцтва тунэля плануюць праз два гады. Такім чынам падземная чыгунка злучыць «Вакзальную», “Клары Цэткін”, “Кавальскую слабаду” і “Юбілейную. Менавіта яны і прымуць першых пасажыраў зялёнай лініі метро.