Першы рабочы дзень новага кіраўніка

24 января 2014

Сёння першы рабочы дзень у Слуцку правёў новы старшыня райвыканкама Андрэй Янчэўскі. Учора рашэннем Кіраўніка дзяржавы ён быў назначаны на гэтую пасаду. Слуцкі раён на працягу амаль васьмі месяцаў заставаўся без кіраўніка. Новаму старшыні 33 гады, нарадзіўся ён у Астраўцы Гродзенскай вобласці. Там пачынаў кар'еру з пасады агранома, у 24 гады ўзначаліў гаспадарку Полацкі тракт і стаў самым маладым кіраўніком. Андрэй Янчэўскі жанаты, у яго трое дзяцей.
Сёння ж у Слуцку ў гонар 95-годдзя абвяшчэння БССР былі ўручаны 12 юбілейных медалёў. На ўрачысты сход прыехалі заслужаныя дзеячы Мінскай вобласці, героі працы і ветэраны Вялікай Айчыннай. Званнем ганаровага грамадзяніна Мінскай вобласці былі ўдастоены першы сакратар абласнога камітэта Кампартыі Беларусі Марыя Худая і касманаўт Алег Навіцкі.
Званне ганаровы грамадзянін у Мінскай вобласці прысвойваецца з 2005 года. Цяпер яго ўдастоены 18 жыхароў цэнтральнага рэгіёну.