Першы канал Беларускага радыё адкрыў новы сезон

1 октября 2014

Першы канал Беларускага радыё рыхтуе да запуску адзінаццаць прэм'ер. Новы сезон у нашых калег стартуе сёння. І ўжо на гэтым тыдні ў эфіры з'явіцца праект аб здаровым ладзе жыцця Спорт-тайм. У новым сезоне студыя Беларускага радыё ператворыцца ў інтэлектуальны рынг, дзе сустрэнуцца студэнты розных ВНУ. Шоу Эрудыт пакажа, хто ведае адказы на ўсе пытанні.

Антон Васюкевіч, галоўны дырэктар Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё: Адзін з праектаў новага сезона - Свая зямля. Ён пра людзей, якія працуюць на зямлі, - аграрыяў. У гэтай перадачы з'явяцца нарысы, радыёпартрэты тых, хто жыве і працуе ў сельскай мясцовасці. Праграма будзе выходзіць у суботу.


Упершыню ў эфіры Беларускага радыё штодня будуць гучаць запісы выступленняў з лепшых канцэртных пляцовак свету. У панядзелак можна будзе адчуць асалоду ад класічнай музыкі ў выкананні сімфанічных аркестраў, у сераду паслухаць хор, а ў суботу апынуцца на рок-канцэрце.