Першы форум сацыяльных інвестыцый у Мінску сабраў больш як 300 удзельнікаў

29 Сакавіка 2019

Прыцягненне інвестыцый бізнесу ў сацыяльныя праекты. У Мінску прайшоў першы форум імпакт-інвестыцый. Арганізаваны ён Праграмай развіцця ААН у Беларусі. Такія ўкладанні - новы трэнд ва ўсім свеце, які зараз асвойваецца і ў нашай краіне. Як разлічваць на прыбытак і быць карысным грамадству? Меркаванні ўдзельнікаў форуму сабраў Антон Малюта.

Прыклад сацыяльнага праекта ў дзеянні доўга шукаць не прыйшлося. Каву для гасцей форуму вараць людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Гэтак жа, як усе, плацяць за арэнду, а прыбытак накіроўваюць на развіццё бізнесу. Гавораць, інвестар, які ўкладзе свой капітал у такі праект, атрымае добрую аддачу. 

Па сутнасці, удзельнікі праекта чакаюць імпакт-інвестыцый. Гэта новы кірунак ва ўсім свеце, калі інвестар на выхадзе атрымлівае не толькі фінансавыя дывідэнды, але і сацыяльны эфект. З дабрачыннасцю не блытаць. 

У ролі фонду для рэалізацыі сацыяльных праектаў у нашай краіне выступае Банк развіцця. Летась на такія мэты выдзелілі больш як 15 мільёнаў рублёў. Актыўна далучаецца і прыватны бізнес. Адзін з сотавых аператараў зараз навучае дзяцей бяспечным паводзінам у Інтэрнэце.

Форум сабраў больш як 300 удзельнікаў, гэта чыноўнікі, прадстаўнікі банкаў і, вядома, прадпрымальнікі. Партнёрства - адна з мэт устойлівага развіцця. Іх дасягненне немагчыма без удзелу бізнесу.