Першы беларускі круізны цеплаход сёння ўрачыста спусцілі на ваду ў Пінску

18 апреля 2017

Падчас падарожжа на борце змогуць адначасова размясціцца каля 30 чалавек. Круіз па жамчужынах Палесся - ад Брэста да Мазыра - у перспектыве зможа стаць міжнародным. Колькі каштуе такое падарожжа па Палессі і што ўключае васьмідзённы тур? Усе падрабязнасці зараз.

Расказвае Вікторыя Патоня. Першы ў краіне круізны цеплаход быў ператвораны з тэхнічнага судна ОС-2. Дзякуючы праграме інавацыйнага развіцця Мінтрансу Беларусі рачны карабель атрымаў шанц на другое жыццё.

Сёння яго ўрачыста асвяцілі, разбілі аб борт карабля бутэльку шампанскага і спусцілі на ваду. Паглядзець на гэтую падзею прыйшлі дзясяткі гараджан. Дарэчы, у круізным варыянце цеплаход зможа прыняць прыкладна 30 чалавек, у прагулачным - больш за 50.

Эльза Арэхава, адміністратар круізнага цеплахода "Белая Русь":

"Каюта класа люкс. Яна аформленая ў этнічна-фальклорным стылі, досыць прасторная. Тут 2 спальныя месцы".

А яшчэ зручная шафа, тэлевізар, кандыцыянер, бесправодны Інтэрнэт, душавая і самы маляўнічы агляд. Дарэчы, на караблі такіх кают дзве. Названыя ў гонар беларускіх класікаў - Янкі Купалы і Якуба Коласа. Узровень камфортнасці вызначаецца апартаментамі: эканомклас, стандарт і люкс. Усяго тут размесцяцца 16 кают на дзвюх палубах. Для працы на першым у краіне круізным цеплаходзе экіпаж прайшоў сапраўдны кастынг.

На цеплаходзе - тры палубы. На самай верхняй размясціліся рэстаран, адкрытая пляцоўка і цэнтр кіравання - рубка. Тут галоўны - капітан. Кіраванне электрычнае. А сам цеплаход будзе рухацца з максімальнай хуткасцю 17 км за гадзіну. У асноўным у цёмны час сутак, бо днём прадугледжаныя экскурсіі па маршруце.

Ігар Дворак - капітан вопытны, на флоце амаль 30 гадоў. Да гэтага кіраваў у асноўным грузавымі судамі. Гаворыць, круізны цеплаход не такі манеўраны. Але нюансы бяспекі на борце ў разы лепшыя. На пазаштатную сітуацыю спрацуе аўтаматыка. Дызель-генератар забяспечвае цеплаход электрычнасцю.

Рачны круіз разлічаны на 8 дзён па сістэме "ўсё ўключана". Тут чатырохразовае харчаванне і дзесяць прыпынкаў па маршруце.

Мікалай Кацецкі, гендырэктар прадпрыемства "Днепрабугводшлях": 

"Праграма, якая прадугледжвае не толькі знаёмства з узбярэжнымі прыгажосцямі, але і, вядома, выезды і паездкі па музеях, па выставачных комплексах малочных заводаў, наведваннем вінных выстаў з дэгустацыяй".

Распрацоўкай турыстычнага маршруту займалася і расійская фірма, якая спецыялізуецца на продажах круізных падарожжаў больш за 20 гадоў. Кошт тура па жамчужыне Палесся вагаецца ад 350 да 1200 долараў на чалавека. Паводле слоў спецыялістаў, на навігацыйны сезон прададзена 60% пуцёвак. Не выключана, што маршрут можа стаць міжнародным.

Першых турыстаў на борт круізны цеплаход прыме праз два тыдні. Менавіта наведвальнікі і дадуць галоўную ацэнку, ці быць рачному турызму ў Беларусі.